Аб'яднаную справу Марыі Амасовіч і Лізаветы Кірыенка разбіраў суддзя Уладзімір Царыкаў.
Паводле міліцэйскіх пратаколаў, Амасовіч і Кірыенка ўвечары 26 красавіка супольна зладзілі несанкцыянаванае пікетаванне, запаліўшы на прыступках Ўваскрасенскага храму ў Віцебску дзве лампадкі чырвонага колеру. Супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Віталь Праліч, які складаў пратаколы, палічыў, што тым самым дзяўчыны публічна выказалі свае грамадска-палітычныя інтарэсы і парушылі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 24.23 КаАП). Пасля затрымання і складання пратаколаў дзяўчыны былі кінутыя за краты ІЧУ, дзе правялі ўжо трое сутак.
Марыя Амасовіч і Лізавета Кірыенка сваёй віны не прызналі. Па словах падсудных, яны паставілі і запалілі лампадкі толькі з адной мэтай – ушанаваць памяць ахвяр катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Абедзве сцвярджалі, што ніякіх «грамадска-палітычных поглядаў» пры гэтым не выказвалі. Тым больш – публічна.
«Каля храму на той момант нават мінакоў мы не бачылі», – сказала на судзе Амасовіч.
Адвакатка прасіла спыніць справу
Як вынікала з рапартаў супрацоўнікаў МУС, дзяўчаты былі затрыманыя пасля таго, як пра запаленыя ля царквы лампадкі міліцыянтам паведаміў нібыта звычайны грамадзянін Ібрагімаў. Адвакатка Лізаветы Кірыенка хадайнічала, каб гэты грамадзянін быў апытаны ў судзе ў якасці сведкі, але суддзя хадайніцтва не задаволіў.
На погляд адвакаткі, сам прыход да храму яе падабароннай не даказвае, што яна ўдзельнічала ў пікетаванні. І мэтай яе дзеянняў было зусім іншае, а менавіта – ушанаванне памяці. Абаронца прасіла суд скасаваць адміністрацыйную справу праз адсутнасць складу правапарушэння.
Суддзя Уладзімір Царыкаў палічыў інакш. Ён пастанавіў прызнаць дзеўчын вінаватымі ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і пакараць Лізавету Кірыенка 10 суткамі адміністрацыйнага арышту (ч.1 арт. 24.23 КаАП), а Марыю Амасовіч – 20 суткамі (ч.3 арт. 24.23 КаАП).
Ператрус на кватэры Лізаветы
Стала таксама вядома, што ў кватэры, якую здымае ў Віцебску Лізавета Кірыенка, напярэдадні суду прайшоў ператрус. Яго ўчынілі ў межах крымінальнай справы, распачатай паводле арт. 341 КК (але Лізавета ніякага статусу ў справе не мае). Канфіскавалі тэлефон і ноўтбук.
Лізавета Кірыенка мае 23 гады. Ужо 4 гады працуе ў Віцебску выхавальніцай у дзіцячым садку, завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю (гістфак). 19-гадовая Марыя Амасовіч – навучэнка 1-га курсу аднаго з віцебскіх ліцэяў.
Зміцер Міраш