Аўторак, 11 Май 2021

Суд над Паўлам Севярынцам і ягонымі паплечнікамі пройдзе ў закрытым фармаце

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Старшыня Магілёўскага абласнога суду Ігар Прошка не задаволіў просьбу сваякоў палітыка Паўла Севярынца аб разглядзе ягонай крымінальнай справы ў адкрытым фармаце. Пра гэта паведаміла маці апазіцыйнага палітыка Таццяна Севярынец.

Старшыня суду звярнуў увагу на тое, што крымінальная справа прызначаная да разгляду ў закрытым судовым пасяджэнні суддзёй Магілёўскага абласнога суду Ірынай Ланчавай. З гэтай нагоды ёю вынесеная матывіровачная пастанова. Кіраўнік суду растлумачыў, што такое рашэнне прынятае суддзёй у сувязі з тым, што ў крымінальнай справе ўтрымліваюцца матэрыялы, якія датычацца да ахоўванай законам тайны.

У адказе маецца тлумачэнне таго, што, згодна з арт. 22 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, суддзі пры ажыццяўленні правасуддзя незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону. Якое-небудзь умяшанне ў дзейнасць суддзяў па выкананні правасуддзя недапушчальнае і цягне адказнасць паводле закону. Таму ніхто не мае права ўмешвацца і даваць якія-небудзь указанні аб вытворчасці працэсуальных дзеянняў суду першай інстанцыі.

Тым не менш, не пагадзіўшыся з пазіцыяй суду і закрытым фарматам судовага працэсу, 10 мая члены сям'і Севярынцаў абскардзілі ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь адказ з Магілёўскага абласнога суду.

Невядома, аднак, ці ў сувязі са святамі гэтая скарга будзе разгледжаная да пачатку судовага працэсу ў Магілёве.

Такім чынам, 12 мая разбор крымінальнай справы ў дачыненні да Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Змітра Казлова, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча пачнецца ў закрытым фармаце для сваякоў, прадстаўнікоў грамадскасці і СМІ.

Лявон Яфрэменка