Серада, 07 Ліпень 2021

Міхаілу Чамураку прысудзілі тры гады «хіміі»: узвёў «паклёп» на старшыню выбарчай камісіі і міліцыянта

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Міхаіл Чамурака Міхаіл Чамурака

7 ліпеня суд Дубровенскага раёну прызнаў даказанай віну мясцовага актывіста Міхаіла Чамуракі, абвінавачанага паводле арт. 188 КК («Паклёп»). Суддзя Марыя Цыклінская ў поўным аб’ёме задаволіла хадайніцтва пракурора і прысудзіла Чамураку тры гады абмежавання волі («хімія»). Цягам 10 дзён вырак можа быць абскарджаны ў судзе вышэйшай інстанцыі.

Суд задаволіў таксама хадайніцтвы пацярпелых аб грашовай кампенсацыі за прычыненую ім маральную шкоду. Дырэктарка аршанскай школы №3 Ала Сіняўская, якая раней адмаўлялася ад кампенсацыі, і супрацоўнік аршанскага ДАІ Казакоў, які патрабаваў у якасці кампенсацыі 2000 рублёў, мусяць атрымаць па 1000 рублёў кожны.

Міхаіл Чамурака прызнаецца, што пакуль не можа прыняць той факт, што, распаўсюдзіўшы ўжо вядомую раней інфармацыю, можна стаць асуджаным за крымінальнае злачынства.

Кажа, што, сыходзячы з такой логікі, да адказнасці пры жаданні можна было б прыцягнуць яшчэ 250 асобаў, якія ставілі свае падабайкі пад постам. Бо атрымліваецца, што ўсе, хто гэта рабіў, спрыялі распаўсюду інфармацыі.

«Тэлефон, ці прыладу, з якой быў зроблены каментар, яны не знайшлі, але сцвярджаюць, што «каментар быў зроблены з тэлефону ці іншай прылады». Дайце спіс «іншых прыладаў»! Што за «іншая прылада», пра якую ў матэрыялах справы ніякай інфармацыі няма? Але ж няма і доказаў таго, што каментар быў зроблены з майго тэлефону, якім карысталіся ўсе сямейнікі. Канкрэтыкі няма, але бок абвінавачання ўсё задавальняе», – кажа асуджаны.

Міхаіла Чамураку да гэтага 11 разоў кідалі ў ІЧУ, таму да выраку суду ён паставіўся стрымана.

«Уявіце, мяне затрымлівалі на трое сутак і распачыналі крымінальную справу за тое, што супрацоўнік міліцыі парушаў заканадаўства ў дачыненні да грамадзянаў. Дык чаго можна было чакаць ад гэтага прысуду?.. Жывы, здаровы – і дзякуй Богу! Адзінае, каб была праца», – кажа Міхаіл Чамурака.

Ян Ластаўка