Пятніца, 09 Ліпень 2021

Прысуд Аляксандру Мацвееву: паўтара года «хіміі» за абразу супрацоўніка МУС

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Аляксандр Мацвееў на судзе Аляксандр Мацвееў на судзе

9 ліпеня суд Першамайскага раёну Віцебску, разгледзеўшы крымінальную справу віцябляніна Аляксандра Мацвеева, абвінавачанага паводле арт. 369. КК, прызнаў яго вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Суддзя Наталля Карабліна цалкам задаволіла патрабаванне пракуратуры і прысудзіла Мацвееву адзін год і шэсць месяцаў «хіміі».

Летась 3 кастрычніка Александр Мацвееў размясціў у групе «Типичный Витебск» у Instagram «крытычны каментар з эмацыйнай афарбоўкай і ўжываннем неўнармаванай лексікі адносна дзеянняў старшага сяржанта ППС Віталя Шнявіна». Міліцыянт ужыў супраць удзельнікаў нядзельных маршаў газавы балончык. Шнявін у сваіх тлумачэннях паясняў, што такога намеру ён не меў і гэта адбылося адвольна. У дадзены момант пацярпелы ў органах МУС не працуе і па працы знаходзіцца па-за межамі Беларусі.

Тэрмін адбыцця пакарання Мацвеевым мусіць адлічвацца са дня пастаноўкі на ўлік у выхаваўчай установе адкрытага тыпу. Таксама суд пастанавіў залічыць у адбыванне пакарання тэрмін утрымання пад вартай з 29 красавіка па 2 траўня, прыраўняўшы адзін дзень пад вартай да двух дзён абмежавання волі.

Да набыцця прысудам законнай моцы меру стрымання для віцябляніна пакінулі ранейшую – падпіска аб нявыездзе. Арышт, накладзены на маёмасць Мацвеева, суд пастанавіў не адмяняць да выплаты ў дзяржбюджэт 31 рубля 90 капеек пошліны.

Аляксандр Мацвееў мае намер абскардзіць рашэнне суду Першамайскага раёну ў судзе вышэйшай інстанцыі.

Ян Сведка