Адвакат Генадзя Бердзянёва спрабаваў давесці суду, што ягоны падабаронны ўжо цягам паўгода не меў доступу да свайго акаўнту ў сацсетцы, бо ягоны планшэт быў канфіскаваны міліцыяй. А рэпосты – леташнія. У 2020 годзе навіны згаданых СМІ не лічыліся «экстрэмісцкімі».
Довады адваката, аднак, не падзейнічалі на суддзю Андрэя Дзергачова. Ён прызнаў Генадзя Бердзянёва вінаватым у «распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 19.11 КаАП) і пакараў яго адміністрацыйным арыштам на 10 сутак.
«Вось так проста і з густам: за 20 хвілін прыняць рашэнне і пасадзіць чалавека ні за што. Нічога не перашкодзіла вынесці вердыкт, нават не пераймаўся, чым можна матываваць. А навошта!» – пракаментаваў рашэнне суддзі адзін са слухачоў на працэсе.
Адзначым, што міліцэйская машына стаяла каля суду, а ў фае ўжо дзяжурылі тры міліцыянты, чакаючы заканчэння паседжання, каб узяць мужчыну пад варту. Відавочна, што рашэнне суду ім было вядомае загадзя.
Вядома, што 5 кастрычніка Полацкі суд будзе разбіраць яшчэ адну справу паводле арт. 19.11
Аляксандр Марозаў