На судовым паседжанні Алфёрава не прысутнічала.
5 кастрычніка суд Полацкага раёну і гораду Полацку прызнаў Нэлі Алфёраву вінаватай у публічным дэманстраванні нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте», а таксама абвінаваціў у распаўсюдзе экстрэмісцкай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, і наклаў на жанчыну адміністрацыйнае спагнанне ў памеры 40 базавых велічынь (1160 рублёў) з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.
У сваёй скарзе Нэлі Алфёрава выказала нязгоду з пастановай суду. Палічыла неабгрунтаваным разгляд справы без яе. Таксама выказала меркаванне, што абставіны справы былі даследаваныя судом няпоўна, аднабакова і неаб’ектыўна.
Прасіла пастанову, вынесеную па справе адмяніць, бо пры накладанні спагнання суд не ўлічыў факт знаходжання на яе ўтрыманні дзіця з інваліднасцю.
Рашэнне, агучанае па скарзе Ірынай Смаляковай было прадказальнае: пастанову суду Полацкага раёну і гораду Полацку ад 5 кастрычніка ў дачыненні Нэлі Алфёравай пакінуць без зменаў, а скаргу – без задавальнення.
С. Горкі