Чацвер, 18 Лістапад 2021

5 сутак арышту за фота ў нямецкай форме – тэатральным касцюме. Прысуд набыў законную моц

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Рэканструктары на парадзе Перамогі ў Віцебску. 2011 год. Фота мае ілюстрацыйны характар Рэканструктары на парадзе Перамогі ў Віцебску. 2011 год. Фота мае ілюстрацыйны характар

Суд Глыбоцкага раёну асудзіў 48-гадовага Андрэя Кулікоўскага на 5 сутак адміністрацыйнага арышту за публічную дэманстрацыю фашысцкай сімволікі і атрыбутыкі (ч.1 арт. 19.10 КаАП). Мужчына – аматар гістарычнай рэканструкцыі, а нямецкая форма – тэатральны касцюм, у якім збіраўся здымацца ў кіно. Віцебскі абласны суд 17 лістапада адхіліў ягоную скаргу, а значыцца прысуд набыў законную моц. На разглядзе скаргі мужчына не прысутнічаў.

 Апеляцыйную скаргу Андрэя Кулікоўскага разглядала ў Віцебскім абласным судзе 17 лістапада суддзя Святлана Іванова.

«Пастановай суду Глыбоцкага раёну ад 9 лістапада 2021 году Андрэй Кулікоўскі прызнаны вінаватым у тым, што з выкарыстаннем глабальнай сеткі Інтэрнэт на сайце, які прыналежыць яму, размясціў фотавыявы, якія дэманструюць нацысцкую сімволіку і атрыбутыку, доступ да якіх быў неабмежаваны», – агучыла суддзя Іванова.

Паводле рашэння суду першай інстанцыі, кінакасцюмы мусяць быць канфіскаваныя.

У скарзе Андрэй Кулікоўскі сцвярджаў, што яго прызналі вінаватым неабгрунтавана, бо на форме не было ніякай атрыбутыкі. Патлумачыў, што «свастыка была выдаленая», «знакі адрознення на нямецкай форме – адсутнічалі». Звярнуў увагу на тое, што не праводзілася ніякай экспертызы наконт таго, ці згаданыя рэчы могуць быць прапагандай фашызму. На думку Кулікоўскага, іх канфіскацыя таксама неабгрунтаваная, бо рэчы «з'яўляюцца тэатральнымі кінакасцюмамі», у якіх ён здымаўся ў кіно.

У скарзе паведаміў суддзі, што «гэтыя рэчы планавалася ў далейшым выкарыстоўваць па прызначэнні – для кіназдымак у гістарычных рэканструкцыях, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне».

Рэканструктар Андрэй Кулікоўскі (злева) на іншым фота: facebook.com

Сам уладальнік касцюмаў на суд не прыйшоў, таму рашэнне было прынятае адразу пасля абвяшчэння скаргі.

«Вывучыўшы матэрыялы справы і скаргу Кулікоўскага, падстаў для яе задавальнення не знаходжу. Пакідаю пастанову без змены», – прачытала рашэнне суддзя Іванова.

Гэта не першы выпадак, калі на Віцебшчыне творчых людзей, якія займаюцца гісторыяй, абвінавачваюць у распаўсюдзе нацысцкай сімволікі і адпраўляюць за краты. Так, 13 жніўня вядомага віцебскага краязнаўцу і фотамастака Віктара Барысенку асудзілі на 7 сутак адміністрацыйнага арышту за некалькі архіўных фотаздымкаў часоў нямецкай акупацыі Віцебску, якія ён апублікаваў на сваёй старонцы «ВКонтакте». Ён таксама спрабаваў абскардзіць рашэнне праз абласны суд. Але аблсуд скаргу не задаволіў. 

Уладзімір Бяляўскі