Жанчына прасіла спагнаць з прадпрыемства 600 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
Суд высветліў, што на тое, што ідзе брудная вада, жыхарка райцэнтру скардзілася некалькі разоў – 11 ліпеня, 12 жніўня і 9 верасня. Заборы вады, зробленыя 12 жніўня і 9 верасня, паказалі ў першым выпадку неадпаведнасць санітарна-эпідэміялагічным нормам у паказніку «каламутнасць», а ў другім – неадпаведнасць па паказніках «каламутнасць» і «жалеза».
На пачатку лістапада суд Кастрычніцкага раёну палічыў, што правы спажыўца жыллёва-камунальнай паслугі былі насамрэч парушаныя. Суд пастанавіў спагнаць з прадпрыемства «Віцебскводаканал» на карысць жыхаркі Сянно 500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды, а на карысць дзяржавы – 87 рублёў пошліны.
Прадпрыемства «Віцебскводаканал» абскардзіла рашэнне суду ў апеляцыйным парадку. Але 16 снежня Віцебскі абласны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу і пакінуў рашэнне Кастрычніцкага суду без зменаў.