Серада, 09 Люты 2022

За абразу менскай суддзі Шабуні жыхара Віцебску асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Андрэй Кузняцоў Андрэй Кузняцоў

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 9 лютага скончыўся судовы працэс над 51-гадовым Андрэем Кузняцовым, у дачыненні якога была распачатая крымінальная справа за абразу менскай суддзі Вікторыі Шабуні (арт. 391 КК РБ). Мужчыну прызналі вінаватым і пакаралі абмежаваннем волі на 2,5 года без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. 

Таксама суд пастанавіў канфіскаваць смартфон Huawei і іншыя прылады, з дапамогай якіх Андрэй Кузняцоў зняважыў суддзю Шабуню.

Справу, якая цягнулася амаль 3 месяцы, разбірала суддзя Ганна Тылец.

Абвінавачанне падтрымлівала старшая пракурорка аддзелу пракуратуры Віцебскай вобласці Драгель, якая патрабавала пакараць Кузняцова 2 гадамі і 6 месяцамі «хатняй хіміі».

Падчас судовага следства асуджаны на «хатнюю хімію» прызнаў сваю віну часткова і раскаяўся ў зробленым.

Пацярпелая суддзя Вікторыя Шабуня на разгляд справы ні разу не з’явілася, чым паказала сваю абыякавасць і фактычна разбурыла ўсе аргументы абвінавачання. З улікам таго, што лінгвістычная экспертыза дала расплывістую характарыстыку словаў, якія абразілі гонар суддзі, і калі б гэтую справу разглядаў кампетэнтны, незалежны і бесстаронні суд, то Кузняцоў быў бы апраўданы.

Міхась Пісараў