Аляксандра Вольскага затрымалі за тое, што нібыта ад 2018 году ён выкладваў у сацсеткі фота, відэа і тэксты, у якіх ухваляюцца ідэі нацызму. Паведамляецца, што быццам бы, такой ідэалогіі ён прытрымліваўся большую частку жыцця.
Да 2021 году на дзейнасць абвінавачанага праваахоўнікі не звярталі ніякай увагі, хоць ягоныя допісы былі адкрытыя і збіралі нямала падабаек. Супрацоўнікі УС выйшлі на фігуранта крымінальнай справы зусім нядаўна, калі пачалі актыўна маніторыць інтэрнэт.
Аляксандр Вольскі раней не меў праблем з законам, не суджаны. Апошнія гады жыў у Расеі, перабраўся туды, паехаўшы на заробкі. Ад самага пачатку дзеянні жыхара Віцебску кваліфікавалі як распальванне варожасці на нацыянальнай глебе (арт. 130 КК), бо раней менавіта па гэтым артыкуле прыцягвалі да адказнасці прыхільнікаў нацысцкай ідэалогіі. Аднак летась у Крымінальным кодэксе з’явіўся новы артыкул – 130-1, які прадугледжвае адказнасць за рэабілітацыю нацызму. Гэтая справа стала першай у Беларусі, расследаваннем яе займалася Генеральная пракуратура.
Абвінавачанаму пагражае штраф, або арышт, або «хімія» да 5 гадоў, або пазбаўленне свабоды на той жа тэрмін.
Іван Чайка