Чацвер, 23 Чэрвень 2022

Яшчэ два Тэлеграм-каналы з Віцебшчыны прызнаныя экстрэмісцкімі, і абодва – лепельскія

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

 У рэспубліканскі Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі Тэлеграм-каналы «Лепельский Рай» і «Лепель для жизни». Рашэнне пра гэта 10 чэрвеня вынес суд Лепельскага раёну. Грамадзянам, якія зробяць рэпосты са згаданых Тэлеграм-каналаў, пагражае судовы пераслед за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі і пакаранне паводле адміністрацыйнага артыкула 19.11. Як правіла, апошнім часам гэта арышт на 15 сутак.

Пакуль не вядома, ці знайшлі сілавыя структуры адміністратараў лепельскіх Тэлеграм-суполак. Раней за адміністраванне «дэструктыўных рэсурсаў» ужо былі затрыманыя некалькі жыхароў Віцебшчыны – у Браславе, Полацку і Наваполацку.

На мінулым тыдні афіцыйная прадстаўніца абласной пракуратуры Ірына Тарасевіч згадвала, што маніторынг інтэрнэту вядзецца ўвесь час, і што ад пачатку гэтага году органамі пракуратуры ў суды Віцебскай вобласці было пададзена 46 заяваў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

 Станіслаў Іваноўскі