Аўторак, 09 Жнівень 2022

На Віцебшчыне зноў асудзілі каталіцкага святара – Аляксандра Барана з Лынтупаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пра тое, што пробашча лынтупскага касцёлу Святога Апостала Андрэя асудзілі да 17 сутак арышту, паведамляе Тэлеграм-канал «Хрысціянская візія». Падрабязнасці адміністрацыйнай справы ксяндза Аляксандра пакуль не вядомыя, апрача таго, што ён быў асуджаны за парушэнне заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы (арт. 24.23 КаАП).

Гэта ўжо другі арышт святара з Лынтупаў цягам гэтага году. 4 красавіка суд Пастаўскага раёну прысудзіў Аляксандру Барану 10 сутак арышту. Ксяндза прызналі вінаватым паводле двух адміністрацыйных артыкулаў – арт. 24.23 (несанкцыянаванае пікетаванне) – за бел-чырвона-белы сцяг на аватарцы ў сацыяльных сетках, і арт. 19.11 (распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў) – за «лайкі» і каментары на інтэрнэт-рэсурсах, абвешчаных «экстрэмісцкімі». У адпаведнасці з судовай пастановай, Аляксандр Баран меўся выйсці на волю 8 красавіка – з улікам тэрміну, праведзенага пад вартай з моманту затрымання да да суду. Але ўвечары 6-га красавіка ён апынуўся на волі. Яго вызвалілі датэрмінова, не патлумачыўшы прычынаў.

Ксёндз Аляксандр адбывае арышт у Пастаўскім ізалятары часовага ўтрымання. Тым самым часам у Віцебску ўжо амаль месяц трымаюць за кратамі ксяндза Андрэя Вашчука, пробашча парафіі Святога Духа. 17 ліпеня ён быў асуджаны на 15 сутак за рэпост так званых «экстрэмісцкіх»матэрыялаў у сацсетках, і ўжо пад арыштам яго асудзілі другі раз – зноў на 15 сутак.

Станіслаў Іваноўскі