Фармальнай прычынай ўхіленьня канстытуцыйнага судовага органу ад вырашэньня пастаўленага перад ім пытаньня стала адсутнасьць у праваабаронцы даверанасьці на прадстаўленьне інтарэсаў грамадзян у судзе, у якіх мясцовымі органамі ўлады была адчужаная прыватная ўласнасьць (будынкі і зямельныя ўчасткі) для дзяржаўных патрэб.
У сваім звароце праваабаронца паведамляў Канстытуцыйнаму суду пра тое, што яму пастаянна скардзяцца грамадзяне, у якіх мясцовымі органамі ўлады былі канфіскаваныя для дзяржаўных патрэб зямельныя ўчасткі з разьмешчанымі на іх жылымі і гаспадарчымі пабудовамі. Такія выпадкі не адзінкавыя. Толькі ў 2014-2015 гадох з такімі скаргамі да Леаніда зьвярнуліся больш за 20 жыхароў паўночнай сталіцы.
«Для мяне відавочна, што органамі дзяржаўнага кіраваньня і судамі парушаюцца канстытуцыйныя правы грамадзян у сфэры валоданьня прыватнай уласнасьцю. У прыватнасьці, парушаюцца артыкулы 13, 29, 44, 48, 60 Асноўнага закону краіны – Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», – сьцьвярджае Леанід Сьвецік.
У артыкулах, пералічаных праваабаронцам, пацьвярджаецца існаваньне як дзяржаўнай, гэтак і прыватнай уласнасьці. Згодна з Канстытуцыяй, дзяржава бярэ на сябе адказнасьць за захаванасьць правоў валоданьня і распараджэньня ўласнасьцю грамадзянамі.
Больш таго, у беларускай Канстытуцыі адназначна сказана пра тое, што прымусовае адчужэньне маёмасьці дапускаецца толькі па матывах грамадзкай неабходнасьці пры захаваньні вызначаных законам умоў і парадку яе адабраньня. Прычым адчужэньне маёмасьці прыватных асоб магчымае толькі па рашэньні кампэтэнтнага, незалежнага і бесстароньняга суду ў вызначаныя законам тэрміны, а сама канфіскацыя павінна суправаджацца поўнай і своечасовай кампэнсацыяй кошту адчужанай маёмасьці.
Але на практыцы, лічыць віцебскі праваабаронца, адбываецца інакш. Часьцяком адчужэньне прыватнай уласнасьці суправаджаецца парушэньнем канстытуцыйных прынцыпаў.
Тыповым інцыдэнтам, які даказвае існаваньне такіх парушэньняў, на думку Леаніда Сьвеціка, зьяўляецца апошні выпадак масавага адабраньня з далейшым іх зносам больш як 70-ці лецішчаў у жыхароў Віцебску. Гэтыя лецішчы знаходзяцца ў зоне магчымага падтапленьня водамі вадасховішча, якое ўзьнікне па завяршэньні будаўніцтва Віцебскай гідраэлектрастанцыі. Уладальнікі лецішчаў ня згодныя як з самім фактам адабраньня дачных участкаў і жылых будынкаў, так і з памерамі кампэнсацыяў за іх канфіскацыю для дзяржпатрэбаў.
Праваабаронца выказвае заклапочанасьць абыякавасьцю Канстытуцыйнага суду да праблем, зь якімі сутыкаюцца грамадзяне краіны пры адабраньні ў іх прыватнай уласнасьці органамі ўлады. Бо павага правоў грамадзян на валоданьне і распараджэньне ўласнасьцю зьяўляецца адным з асноватворных прынцыпаў дзяржаўнага ладу, які забясьпечвае стабільнасьць і сацыяльны спакой у грамадзтве.
«Ухіляючыся ад апэратыўнага рэагаваньня на парушэньне канстытуцыйных правоў грамадзян у сфэры аховы правоў уласнасьці, Канстытуцыйны суд не спрыяе цывілізаванаму вырашэньню праблемы, зьмяншае свой аўтарытэт і падрывае давер да сябе і сваіх рашэньняў», – мяркуе праваабаронца.