Найвышэйшы суд краіны, як раней раённы і абласны суды, палічыў, што, перасяліўшы грамадзяніна з уласнага дыхтоўнага драўлянага дому ў цэнтры гораду ў трохпакаёвую кватэру аж на дзевяты паверх бэтоннага гмаху ў мікрараёне Білева, і ААТ «Жылбуд», і гарвыканкам дзейнічалі выключна ў рамках заканадаўства і зрабілі цалкам раўназначны абмен, з непрыхаваным клопатам пра гаспадара.
Як мы пісалі раней, у сувязі зь меркаванай пабудовай шматпавярховіка зямельны ўчастак па праездзе Дзімітрава, 4 у Віцебску, на якім разьмяшчаліся дом, гараж, лазьня і цагляны будынак майстэрні Пятра Бярлінава, па рашэньні Віцебскага гарвыканкаму мусіў быць перададзены іншаму ўладальніку. Толькі вось лёс і намеры гаспадара, які меркаваў займацца ўласнай справай у збудаванай майстэрні абсалютна нікім не былі прынятыя пад увагу.
Пагадзіцца з гэткім нераўназначным для сябе абменам спадар Бярлінаў ня змог, таму і спадзяваўся адшукаць праўды ў апошняй судовай інстанцыі. Аднак Вярхоўны Суд ня ўзяў пад увагу ніводнага з прыведзеных Пятром Бярлінавым аргумэнтаў.
Довад спадара Бярлінава пра неабходнасьць выдзяленьня яму кватэры агульнай плошчай 367 квадратных мэтраў прызнаны неабгрунтаваным. Бо ў адпаведнасьці з нормамі дзейнага заканадаўства ў агульную плошчу жылога дому, які падлягае зносу, не ўваходзіць плошча гаспадарчых пабудоў, разьмешчаных на ўчастку. Не ўваходзіць нават тады, калі іх агульны рыначны кошт можа перавышаць кошт дому – парадаксальна, але факт.
Ня змог былы гаспадар знайсьці і доказаў, пераканаўчых для суду, якія б пацьвердзілі ягонае сьцьверджаньне пра недакладную каштарысную ацэнку будынкаў.
Апошні з аргумэнтаў, прыведзеных Пятром Бярлінавым, таксама абвергнуты судовай інстанцыяй. Скаржнік не падаў доказаў, якія засьведчылі б яго няздольнасьць па стане здароўя пражываць на дзевятым паверсе шматпавярховага дому. Хаця, калі ўдумацца ў сутнасьць усяе гэтае пературбацыі, ужо сам факт перасяленьня чалавека, які, штодня выходзячы са свайго ўласнага дому, ступаў не ў кабіну ліфту, а адразу на зямлю, то факт перасяленьня на дзевяты паверх можна ўспрымаць, як непрыхаваны зьдзек зь незгаворлівага ўласьніка.
Гэтая гісторыя яшчэ раз прадэманстравала, наколькі цяжка ў нашай краіне змагацца за свае правы звычайнаму грамадзяніну. У сувязі з гэтым можна прыгадаць цікавы фотаздымак, які калісьці апублікавалі СМІ сьвету: падчас будаўніцтва аўтабану ў Кітаі з адной кватэры шматпавярховіка, акурат празь які мусіла прайсьці новая шаша, не захацеў высяляцца яе ўладальнік. Прапанаваная кампэнсацыя падалася яму надта малой. Аўтабан, аднак, быў пракладзены: дом разбурылі, але пакінулі адзін з пад'ездаў, дзе на адным з паверхаў жыў незгаворлівы кітаец. Вось такое відовішча: пасярод трасы руіны аднаго з пад'ездаў. І гэта ў недэмакратычным Кітаі! Нарэшце гаспадар зьехаў, але толькі пасьля таго, як удалося прыйсьці да пагадненьня, якое яго задаволіла.