«Суполка «Докшицы LIVE» УКантакце прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У суполцы 12.878 падпісчыкаў, яна зʼяўляецца гарадскім форумам і барахолкай. У ціхім Докшыцкім раёне адным росчыркам пяра стала трынаццаць тысяч экстрэмістаў», – напісаў у Фэйсбуку тамтэйшы краязнаўца Канстанцін Шыталь. Ен і сам не аднойчы размяшчаў там гістарычныя фотаздымкі ці нарысы, але ў асноўным людзі публікавалі ў суполцы аб’явы або дзяліліся мясцовымі навінамі. Кшталту гісторыі пра гарадскую ёлку ў Докшыцах, якую дзеля ўстаноўкі ў цэнтры нібыта незаконна спілавалі каля нежылой хаты, не спытаўшыся дазволу ў гаспадароў. «То бок «продам гараж», «сниму квартиру» і «пристройте миленьких котяток» – гэта ўжо экстрэмісцкія матэрыялы?» – каментуюць рашэнне Чашніцкага райсуду інтэрнэт-карыстальнікі.
Рашэнне пра прызнанне экстрэмісцкімі Telegram-канала «Свободный ВГУ» і Telegram-суполкі «Свободный ВГУ Чат» было прынята віцебскім судом Кастрычніцкага раёну. У згаданага вышэй Telegram-канала ўсяго 26 падпісчыкаў, а апошнія даступныя допісы зроблены амаль год таму – 26-га лютага. У аднайменным чаце – 53 удзельнікі, і там ужо апублікавалі звесткі пра ягоны «экстрэмісцкі» статус.
Таццяна Віктарава