Пятніца, 03 Сакавік 2023

Вынесены прысуд па справе праваабаронцаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Суддзя Марына Запаснік вынесла сёння ў Мінску жорсткія прысуды праваабаронцам «Вясны» за іх праваабарончую дзейнасць. Старшыні «Вясны» і нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму — 10 гадоў калоніі. Намесніку старшыні «Вясны» і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў калоніі. Каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў калоніі. Праваабаронцу «Вясны» Дзмітрыю Салаўёву — 8 гадоў калоніі завочна.

Таксама суддзя Марына Запаснік пастанавіла спагнаць у салідарным парадку з Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча і Салаўёва суму ў памеры 752 438 рублёў 62 капейкі якую яны нібыта «здабылі злачынным шляхам» праз «кантрабанду арганізаванай злачыннай групай». Улічваючы таксама штраф, агулам з праваабаронцаў хочуць спагнаць амаль $450 000.

Праваабаронцаў абвінавацілі паводле ч. 4 арт. 228 (кантрабанда арганізаванай групай) і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Трое вясноўцаў утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года.

Па справе ўсяго 283 тамы матэрыялаў па 300 старонак — гэта рэкорд па палітычнай справе, па якой праходзіць каля 100 сведак, было праведзена 120 ператрусаў па ўсёй краіне.

Летась праваабаронца Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру разам з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый «Мемарыял» з Расіі і «Цэнтр грамадзянскіх свабод» з Украіны. Ён не змог трапіць на цырымонію — прамову Бяляцкага на ўручэнні «Нобеля» зачытала яго жонка.

Залу суда на зачытванні прысуду запоўнілі курсантамі Акадэміі міліцыі.
У той жа час звычайных людзей у залу не пускалі, яны змаглі пабачыць нобелеўскага лаўрэата толькі ў калідоры, калі яго вялі. Не дапусцілі не толькі ў залу, а і ў сам будынак, замежных дыпламатаў.