Аўторак, 28 Красавік 2015

Віцябчук дамогся пакараньня судзьдзі, якая не дала яму азнаёміцца з пратаколам судовага паседжаньня

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жыхар Віцебску Аляксандар Антоненка праходзіў сьведкам па адміністрацыйнай справе. Па заканчэньні судовага разбору ён падаў у суд хадайніцтва аб азнаямленьні яго з пратаколам паседжаньня для прадстаўленьня сваіх заўвагаў датычна яго паўнаты і правільнасьці складаньня. Аднак судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Алеся Жарыкава задаволіць хадайніцтва адмовілася. Віцябчук вымушаны быў зьвярнуцца са скаргай у Вярхоўны Суд…

 

Судзьдзя Жарыкава пісьмова паведаміла ў адказ на хадайніцтва, што падставаў для азнаямленьня заяўніка з пратаколам судовага паседжаньня ня маецца. Аляксандар Антоненка палічыў, што судзьдзя парушыла ягоныя правы, і зьвярнуўся са скаргай у найвышэйшую судовую ўстанову краіны. У сваёй скарзе ў Вярхоўны Суд ён напісаў:

«Судзьдзя абавязаная забясьпечыць удзельнікам адміністрацыйнага працэсу магчымасьць азнаёміцца з пратаколам судовага паседжаньня, а ўдзельнікі адміністрацыйнага працэсу маюць права прадставіць свае заўвагі ў дачыненьні да яго паўнаты і правільнасьці складаньня. Лічу рашэньне судзьдзі суду Кастрычніцкага раёна г. Віцебску Жарыкавай А.С. не заснаваным на законе».

Вярхоўны Суд пераслаў скаргу спадара Антоненкі ў Віцебскі абласны суд, старшыня якога Мікалай Хамічонак прызнаў яе слушнасьць. Ён пацьвердзіў, што ў адпаведнасьці з артыкулам 11.8 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях усе ўдзельнікі адміністрацыйнага працэсу маюць права цягам трох дзён падаць свае заўвагі наконт паўнаты і правільнасьці складаньня пратаколу судовага паседжаньня. Гэтым правам валодаюць у тым ліку і сьведкі як удзельнікі працэсу.

«Такім чынам, судзьдзёй неабгрунтавана адмоўлена Вам у азнаямленьні з пратаколам судовага паседжаньня. У сувязі з выкладзеным судзьдзю суду Кастрычніцкага раёну г. Віцебску Жарыкавай А.С. строга ўказана на недапушчэньне ў далейшай працы гэткіх парушэнняў і дачу Вам магчымасьці рэалізаваць сваё права на азнаямленьне з пратаколам судовага паседжаньня. Па выніках працы за месяц судзьдзя Жарыкава А.С. дэпрэміяваная», – паведаміў кіраўнік абласнога суду скаржніку.

Віцебская вясна