Як стала вядома, 4 красавіка суддзя Докшыцкага раённага суда Вячаслаў Елісеенка асудзіў рамесніцу Таццяну Дорц. Жанчыну судзілі па частцы 1 артыкула 24.23 (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) КаАП і па артыкуле 24.3 КаАП (непадпарадкаванне прадстаўнікам улады).
Па меркаванні суддзя Елісеенка, Таццяна Дорц быццам правяла адзіночны пікет без дазволу Докшыцкага райвыканкама. А выглядала гэта, згодна з пратаколам сілавікоў, наступным чынам – яна ў месэнджары “Інстаграм” размясціла свой фотаздымак на белым фоне з надпісам чырвонага колеру “Жыве!” і выявамі ў адзін шэраг сэрцаў чырвонага колеру, выявы рукі з паднятымі ўверх указальным і сярэднім пальцамі.
Докшыцкія міліцыянты яшчэ абвінавацілі яе ў тым, што яна быццам не падпарадкавалася іх законным патрабаванням, быццам пайшла ні ў тым кірунку, куды яны яе запрасілі. І тады яны прымянілі да жанчыны фізічную сілу і надзелі кайданкі.
Таццяна Дорц сваю віну не прызнала і паведаміла падчас суда, што яна не рабіла ніякага масавага мерапрыемства і не ведае, хто размясціў у Інстаграме на яе адкрытай старонцы такое фота з яе Дня народзінаў. І, як патлумачыла жанчына, яна пры затрыманні не аказвала ніякага супраціву, таму лічыць, што да яе неабаснавана прымянілі фізічную сілу і надзелі кайданкі.
Канешне ж, як ужо заведзена ў Беларусі, ніякія тлумачэнні жанчыны не былі ўлічаныя пры вынясенні пастановы суда. Таму суддзя Вячаслаў Елісеенка па частцы 1 артыкула 24.23 (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) КаАП пакараў Таццяну 15 суткамі арышту, а па артыкуле 24.3 КаАП (непадпарадкаванне прадстаўнікам улады) – 10 суткамі. І ў сукупнасці прысудзіў жанчыне 25 сутак, якія яна ўжо адседзела.
Нагадаем, Таццяна Дорц – вядомая ў Докшыцах грамадская актывістка. Яе неаднаразова ўлады каралі суткамі і штрафамі, праводзілі вобшукі. І яна адзіная ў Докшыцах не пабаялася і выйшла на плошчу да райвыканкама з плакатам супраць вайны і ў падтрымку Украіны.
Сяргей Азёрны