Аўторак, 25 Ліпень 2023

У Чашніках падлетка – ахвяру сэксуальнага гвалту – пакаралі накіраваннем у спецустанову

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пра выпадак, калі падлетка, што не мае бацькоў, прызналі малалетнім злачынцам і накіравалі ў спецыяльную лячэбна-выхаваўчую ўстанову, напісала раённая газета «Чырвоны прамень». У артыкуле робіцца акцэнт на тое, што дзіця вырасла непаслухмяным і «ступіла на слізкі шлях», але толькі мімаходзь згадваецца, што пад дзяржаўнай апекай хлопец знаходзіўся з ранняга маленства --з 2011г., і за 12 гадоў ні сацыяльныя ўстановы, ні школа, ні прыёмныя сем’і не змаглі выхаваць яго належным чынам. Таксама толькі згадкі адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэксу даюць чытачу зразумець (а не абазнаны чытач проста не зверне на гэта ўвагі), што падлетак, які знаходзіўся пад апекай дзяржавы, стаў ахвярай сэксуальнага гвалту.

Ці знайшлі і пакаралі гвалтаўнікоў, газета не паведамляе, згадваючы, што «у дачыненні да непаўналетняга былі здзейснены ўчынкі, якія ўтрымліваюць прыкметы крымінальнага злачынства, і ён быў прызнаны пацярпелым па крымінальных справах па ч.1 арт.168 КК РБ (дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту) і па ч.1 арт. 169 КК РБ ( распусныя дзеянні, здзейсненыя паўналетняй асобай у дачыненні да асобы, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту).

Няма ў артыкуле і тлумачэнняў, што стала прычынай учынкаў падлетка, якія кваліфікуюцца як «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў з удзелам непаўналетняга» (ч.1 арт 343 КК РБ). Верагодна, падлетка змушалі да гэтага не названыя гвалтаўнікі, загадзя ведаючы, што іхная ахвяра не дасягнула ўзросту, з якога наступае крымінальная адказнасць.

Затое газета падрабязна апісвае, што хлопец змяніў дзве прыёмныя сям’і, што ён збягаў са школы, паводзіў сябе «вызывающе», што ўцякаў і ад прыёмных бацькоў, а часам вяртаўся дахаты ў стане алкагольнага ап“янення. Нагадаем, вядзецца пра падлетка, якому не было і 14 гадоў, і за выхаванне якога адказвала дзяржава, бо ў 2011 ягоных біялагічных бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў.

Дапытівы чытач зразумее, што артыкул «Раскажам, чаму суд Чашніцкага раёну накіраваў падлетка ў адмысловую лячэбна-выхаваўчую станову» - гэта аповед пра фіаска дзяржаўнай сістэмы выхавання, а не пра «кепскага хлопчыка» са складанай спадчыннасцю. Дзяржава не справілася са ўзятай на сябе роляй выхавацеля і абаронцы дзіцяці, якое стала ахвярай сэксуальнага гвалту, атрымала маральныя траўмы, і яны наўпрост паўплывалі на паводзіны падлетка. Аднак газета сцвярджае, што хлопец быў звычайны хуліган і сам вінаваты ў тым, што яго накіравалі ў спецустанову.

Лявон Каляда