Пятніца, 15 Верасень 2023

За распаўсюд «экстрэмізму» ўлады пакаралі штрафам бібліятэкарку

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Суддзя суда Талачынскага раёна Алеся Саян 1 верасня за распаўсюджванне матэрыялаў, прылічаную ўладамі да катэгорыі «экстрэмісцкіх», аштрафавала загадчыцу аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі Талачыну Таццяну Пабяржыну.

Падчас суда нібыта было ўстаноўлена, што Таццяна ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» мела падпіскі на інфармацыйныя рэсурсы «Люстэрка» і «Белсат». Жанчына прызнала гэты факт і сваю віну ў распаўсюдзе “экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Зыходзячы з даказанасці і датычнасці Пабяржынай да ўчынення адміністрацыйнага правапарушэння ў рамках ч. 2 арт. 19.11 КаАП, суддзя Саян пастанавіла аштрафаваць бібліятэкара на 1110 рублёў і канфіскавала ёй тэлефон.

Вольга Ліневіч