Серада, 10 Студзень 2024

Віцебскія ўлады арыштавалі беспрацоўнага, бо ён цікавіўся навінамі «экстрэмісцкага» зместу

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Міхаіл Юрчанка, 28 снежня за падпіску ў сацыяльнай сетцы на чатыры «экстрэмісцкія» СМІ пастанавіў арыштаваць на 10 сутак беспрацоўнага жыхара «паўночнай сталіцы» Аляксандра Коршунава.

З пратакола апытання Аляксандра, зачытанага ў судзе, вынікала, што ён меў акаўнт у сацыяльнай сетцы «Інстаграм» і з'яўляўся ўдзельнікам і падпісчыкам суполак: «zerkalo», TUT.BY, " Belsat" і "Tribuna.com Беларусь", змест якіх улады лічаць экстрэмісцкімі матэрыяламі.

У судовым паседжанні мужчына не аспрэчваў, што перачытваў інфармацыю з гэтых супольнасцяў, дзейнасць якіх, на думку суддзі, была накіравана на дэстабілізацыю абстаноўкі ў грамадстве і дзяржаве, але віну не прызнаў і адмовіўся растлумачыць з якой мэтай ён цікавіўся зместам публікацый з «экстрэмісцкіх» інфарэсурсаў.

Зыходзячы з фактаў, атрыманых у судовым паседжанні, суддзя Юрчанка на падставе ч.2 арт.19.11 КаАП падвергнуў Коршунава адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе арышту на дзсяць сутак.

Давід Мінскі