Складана казаць, адкуль гэты «рэквізіт» узялі – верагодна, міліцыянты знайшлі гэтыя рэчы падчас ператрусу ў Аляксея Нябоські. Але магчыма, што скарысталі рэчы, якія былі ў пастарунку. Прынамсі, «бел-чырвона-белы сцяг» у руках затрыманага ўяўляе сабой звычайны кавалак белай тканіны, да якой булаўкамі пасярэдзіне прышчэплена вузкая чырвоная палоска. Паводле «сцэнара», Нябоська «рве» гэты «сцяг» – добра відаць, што ён проста вымае булаўкі, і кідае кавалкі матэрыі сабе пад ногі. Пры гэтым ўжывае абсцэнную лексіку – словы, якія «кінарэжысёры» мусілі б «запікаць», або папярэдзіць гледачоў пра тое, што ў відэароліку прысутнічаюць нецэнзурныя выразы. Але падобна, што якраз на гэта і быў разлік – змусіць затрыманага ўжываць лаянкавыя словы менавіта пра бел-чырвона-белы сцяг. Каб потым напісаць, што затрыманы «для спасения своей шкуры готов мать родную продать и отказаться от своих идей и мнимых ценностей».
Потым, паводле «сцэнара», Аляксей Нябоська дастае з унутранай кішэні курткі нейкую кнігу (назва на вокладцы не паказана), і кажа, што гэта кніга Зянона Пазняка. «На растопку яе», -- кажа затрыманы, і вырывае старонкі, таксама кідаючы пад ногі.
У допісе, які суправаджае гэтае відэа, мужчыну называюць «бэчэбэшнікам» і «ничего из себя не представляющим, закомплексованным человечком». Нагадаем, Аляксей Нябоська ніколі не быў сябрам апазіцыйных партый, ен проста адзін з тых, хто не пагадзіўся з вынікамі мінулых прэзідэнцкіх выбараў.
Відавочна, да якіх высноваў стваральнікі відэароліка імкнуцца падштурхнуць гледачоў: маўляў, усе прыхільнікі апазіцыі гатовыя здрадзіць сваім перакананням, ледзьве толькі яны апынуцца ў пастарунку. Аднак людзі заўважаюць у гэтай «відэапрадукцыі» зусім іншыя аспекты. Першы з іх – маральны. Бо відавочна, што міліцыянты насуперак сваім прамым абавязкам бараніць грамадзянаў з задавальненнем здзекуюцца з безабароннага чалавека. Другі аспект – прававы: міліцыянты дазваляюць сабе караць «вінаватага», змушаючы яго да дзеянняў, зусім не патрэбных для правядзення звычайнай адміністрацыйнай працэдуры – складання адміністрацыйнага пратакола. На ўсё гэта варта звярнуць увагу кіраўніцтву мясцовых структур МУС. Бо такія паводзіны супрацоўнікаў зусім не дадаюць аўтарытэту міліцэйскім структурам.
Ступень вінаватасці затрыманага вызначае суд на падставе заканадаўства, дзе прапісаны канкрэтныя меры ўздзеяння – грамадскія працы, штраф або арышт. Здзекі і насмешкі над затрыманым чалавекам, які знаходзіцца ў поўнай залежнасці ад міліцыянтаў, там болей публічныя -- гэта паказнік нізкага ўзроўню маральнай і прававой культуры віцебскіх супрацоўнікаў міліцыі.
Багдан Рэмізаў
Міліцыянты запісвалі на відэа, як затрыманы спявае гімн, зневажае бел-чырвона-белы сцяг і рве кнігу Зянона Пазняка
На Тэлеграм-канале, блізкім да віцебскіх сілавікоў, з'явіўся ўжо трэці глумлівы відэаролік, змантажаваны з відэазапісаў «размовы» з затрыманым Аляксеем Нябоськам – жыхаром Віцебска, які працуе кіроўцам аўтобуса і мае хобі – спявае на вуліцы пад гітару. «Віцебская вясна» ужо пісала пра тое, што ў пастарунку мужчыну загадалі спяваць дзяржаўны гімн Беларусі. Аказалася, не толькі яго: да 8 сакавіка саматужныя «кінарэжысёры» падрыхтавалі відэаролік, дзе затрыманы віншуе жанчын і спявае для іх песню. А яшчэ праз два дні на Тэлеграм-канале «Северная століца» выйшаў чарговы «твор» з выкарыстаннем здымак аператараў у пагонах. Для іх нават быў падабраны адмысловы «рэквізіт» - імправізаваны нацыянальны сцяг з кавалкаў тканіны і кніга пра гісторыю Беларусі.