Аўторак, 07 Май 2024

Улады працягваюць масава накіроўваць грамадзян на прымусовае лячэнне ад алкагалізму

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

У мінулым годзе судамі Віцебскай вобласці было разгледжана 1667 спраў аб накіраванні грамадзян на прымусовае лячэнне ад алкагалізму, з іх было задаволена - 1614. І гэта практыка дзяржаўнага прымусу да лячэння ад п'янства захавалася сёлета. У красавіку 2024 года толькі суд Віцебскага раёна накіраваў у ЛПП 11 жыхароў рэгіёна: 6 жанчын і 5 мужчын. Ініцыятарам накіравання на лячэнне з'яўлялася кіраўніцтва Аддзела ўнутраных спраў Віцебскага райвыканкама.

Асобасныя гісторыі гэтых людзей, якім па рашэнні суда трэба прайсці праз пакутлівую прымусовую ізаляцыю і бязмэтную працоўную тэрапію, надзвычай падобныя.

Так, 5 красавіка суддзя Таццяна Субоціна на падставе па заключэнні медыкаў, 48-гадовага Аляксей Панкратаў накіравала на два гады ў Лячэбна-працоўны прафілакторый для прымусовай ізаляцыі і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі з абавязковым прыцягненнем да працы. Раней Аляксей Уладзіміравіч ужо два разы па адным годзе праходзіў працатэрапію ў ЛПП.

Або, 11 красавіка суддзя Таццяна Лабацкая прызначыла адзін год прымусовага лячэння ад алкагольнай залежнасці 48-гадовай Таццяне Маслянскай. Падставай для накіравання ў ЛПП стала тое, што жанчына на працягу двух апошніх гадоў чатыры разы прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне правапарушэнняў у п'яным выглядзе.

Валянціна Гром