Нядзеля, 19 Май 2024

За «экстрэмізм» у сацсетцы ўлады арыштавалі рабочага

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Шумілінскага раёна Іна Грабоўская 10 траўня за «экстрэмізм» у сацыяльнай сетцы пакарала арыштам на 7 сутак працоўнага мясцовай школы Андрэя Бубляса.

У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні запісана тое, што Андрэй, на сваёй старонцы ў сацсетцы «Аднакласнікі», захоўваў у адкрытым для агляду іншым асобам інфармацыйную прадукцыю інтэрнэт-супольнасцяў: "Кропка", "Афіцыйная група Хартыі'97", "STOPLUKA", «Мы супраць дэкрэта аб дармаедах» і "БЕЛСАТ". Гэтыя аб'яднанні раней уладамі былі занесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Мужчына ў судовым паседжанні віну ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння прызнаў цалкам. Факт адміністрацыйнага правапарушэння не адмаўляў.

З улікам доказаў і на падставе ч.2 арт. 19.11 КаАП суддзя Грабоўская падвергла Бубляса адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе арышту тэрмінам на сем сутак і канфіскавала ў даход дзяржавы ноўтбук «ASUS».

Тамара Крамнік