Пятніца, 31 Май 2024

За "экстрэмізм" улады арыштавалі былога савецкага дэпутата

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Талачынскага раёна Алеся Саян 6 траўня за распаўсюджванне «экстрэмізму» ў сацыяльнай сетцы арыштавала на 10 сутак былога дэпутата Вярхоўнага Савета СССР пенсіянера Мікалая Петрушэнку.

На старонцы былога дэпутата міліцыянты знайшлі спасылку на старонку, якая ў момант размяшчэння не была прызнанай экстрэмісцкай. Тады ён ў сацыяльных сетках упэўнена пісаў, што справа разваліцца і нічога яму не будзе. Пасля першага судовага паседжання, 25 красавіка, суддзя Саян адправіла “правапарушальніка” дамой, а справу на дапрацоўку.

Але ўжо 6 мая Петрушэнка быў пакараны адміністратыўным арыштам на 10 сутак. На сёмыя суткі ў зняволенні з-за кепскіх умоваў утрымання адкрылася прабадная язва. І яго паспелі даставіць у лякарню і выратаваць яго жыццё.

Трэба нагадаць пра тое, што Мікалай Сямёнавіч шмат гадоў быў сябрам апазіцыйнай партыі "Справядлівы свет" (былая камуністычная, цяпер зліквідаваная ўладамі). У “пратэстным” 2020 годзе ён падтрымаў улады. Таксама Петрушэнка пісаў даносы  МУС і КДБ на “ворагаў народа”. Ён спрабаваў падставіць пад палітычныя рэпрэсіі ўдзельнікаў пратэстаў і нават “стукаў” на незалежныя СМІ.

Васіліна Рубец