Наваполацкі гарвыканкам спачатку зарэгістраваў, а потым ануляваў рэгістрацыю дадатковага пагадненьня зь першаснай арганізацыяй БНП аб далучэньні да калектыўнай дамовы ААТ «Нафтан». Гэта адбылося пасьля скаргі Белхімпрафсаюзу. Там ўпэўненыя, што дадатковае пагадненьне павінны былі ўзгадніць з імі.
Незалежны прафсаюз падаў у суд на гарвыканкам, выставіўшы адзінае патрабаваньне: скасаваць ануляваньне рэгістрацыі дадатковага пагадненьня. На судовым паседжаньні 18 чэрвеня судзьдзя Рымша адмовіў незалежнаму прафсаюзу ў просьбе.
- Сытуацыя дзіўная: наймальнік лічыць, што мы маем рацыю, мы лічым, што мы маем рацыю. Але судзьдзя ўсё адно вынес рашэньне, грунтуючыся на тым, што мы не спыталі дазволу ў галіновага прафсаюза. Хоць у ніводным дакумэнце гэта не прапісана. Нонсэнс! - Адзначыў старшыня першаснай арганізацыі БНП работнікаў ААТ «Нафтан» Іван Сьвятоха. - На судовым паседжаньні прадстаўнікі гарвыканкаму стаялі на сваім. Мабыць, прызнаць сваю памылку для іх было б ганьбай. Судзіў малады хлопец - і ён, мабыць, не адважыўся ісьці супраць гарвыканкаму. Прынятае ім рашэньне ня робіць яму гонару, пачынаць кар’еру з такога… гэта адаб’ецца на рэпутацыі.
Незалежны прафсаюз мае намер падаць апэляцыю ў абласны суд.
- Ня думаю, што там прымуць наш бок. Але проста так пакідаць гэтую справу нельга, гэта нешта незвычайнае. Калі рашэньне будзе адмоўным, мы на гэтым ня спынімся, - сказаў Іван Сьвятоха.
Лідэр незалежнага прафсаюзу работнікаў ААТ «Нафтан» таксама зьвярнуў увагу на няёмкае становішча, у якое паставілі наймальніка.
- Наймальнік сказаў выразна: калі нават дадатковае пагадненьне не зарэгістраванае ў гарвыканкаме, яно працуе. Але сам факт скасаваньня рэгістрацыі… Гэта непавага ня толькі да прафсаюзу, яны зьняважылі наймальніка. Мне нават больш крыўдна за яго. Наймальнік даў згоду (генэральны дырэктар жа не проста так падпісаў дадатковае пагадненьне, значыць, былі ўсе юрыдычныя падставы), перадаў паперы ў гарвыканкам, а той апускае яго ніжэй за ўзровень, кажа, што наймальнік зрабіў няправільна. Наймальніка ні ў што ня ставяць, - адзначыў Іван Сьвятоха.