Віцебскі абласны суд разгледзеў 27 чэрвеня скаргу аршанца Рамана Кузьмянкова на пастанову суду Аршанскага раёну і гораду Воршы, які пакараў яго штрафам у памеры 22 б.в. за пікет з плякатам “Па 500 тут няма” (ч.3 арт. 23.34 КаАП). Судзьдзя аблсуду Ірына Смалякова пакінула пастанову бязь зьменаў, а скаргу не задаволіла. Указаньне аб “канфіскацыі пляката” замяніла на яго “зьнішчэньне”…

Аддзел прымусовага выкананьня Кастрычніцкага раёну гораду Віцебску ад 24 красавіка распачаў у дачыненьні да віцебскага актывіста Пятра Іванова выканаўчае справаводзтва. Судовыя выканаўцы мерацца спагнаць з Іванова больш за дзьве тысячы рублёў штрафу, прысуджанага яму Кастрычніцкім судом у студзені 2018 году.

Японец адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі №3 пад Віцебскам. Ён быў асуджаны за нелегальны перавоз агнястрэльнай зброі. 22 траўня Даічы вызвалілі, 23 траўня ў менскім аэрапорце яго сустрэлі маці і брат. Яму забаронены ўезд у Беларусь на 5 гадоў.

Скаргу віцябляніна Міколы Качурца на пастанову суду Кастрычніцкага раёну, які пакараў актывіста штрафам у памеры 30 б.в., разгледзела 25 красавіка судзьдзя Ірына Смалякова. Паседжаньне доўжылася тры хвіліны. Скаргу не задаволілі, пастанову суду Кастрычніцкага раёну пакінулі бязь зьменаў.

18 красавіка судзьдзя Віцебскага абласнога суду Сьвятлана Іванова разгледзела скаргу сябра грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» Андрэя Кешанюка на рашэньне суду Першамайскага раёну. Мясцовы актывіст быў пакараны 26 сакавіка судзьдзёй Натальляй Карабліной за нібыта правядзеньне несанкцыянаванага пікету пад бел-чырвона-белым сьцягам каля будынку «Белтэлекаму» і непадпарадкаваньне супрацоўнікам праваахоўных органаў.