Чацвер, 21 Лістапад 2013

У Полацку забаранілі канцэрт Вайцюшкевіча

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Зьміцер Вайцюшкевіч Зьміцер Вайцюшкевіч

У Полацку забаранілі праводзіць канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча. Канцэрт мусіў адбыцца ў Полацкім Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур і першапачаткова быў узгоднены з начальнікам аддзелу ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкаму Віктарам Палушкіным. Аднак напярэдадні канцэрту ў райвыканкам патэлефанавалі з вобласьці і ладзіць канцэрт забаранілі.

У райвыканкаме тэрмінова правялі нараду-разборкі, з высьвятленьнем хто арганізаваў канцэрт «апазыцыянэра». Намесьнік старшыні па сацыяльных пытаньнях райвыканкаму Пётар Пяткевіч спрабаваў абвінаваціць у палітычнай недальнабачнасьці дырэктара Цэнтру рамёстваў і нацыянальных культур Валянціну Крук, абвінавачваючы яе ў тым, што зь ім, «гэтакім вельмі важным начальнікам», не ўзгаднілі правядзеньне канцэрту. Піткевіч запатрабаваў звольніць Валянціну Крук з пасады дырэктара Цэнтру.

Дырэктар Цэнтру рамёстваў адказала, што канцэрт, як звычайна, узгадняўся з аддзелам культуры райвыканкаму, наконт яе працы да яе ніякіх прэтэнзій няма і сама звальняцца яна ня будзе. Полацкія прыхільнікі творчасьці Зьмітра Вайцюшкевіча абураныя паводзінамі полацкіх уладаў, якія сарвалі іх сустрэчу з папулярным беларускім артыстам.