Незалежныя журналісты разьмясьцілі атрыманыя лісты на сваіх старонках у Фэйсбуку. Сяржук Серабро запытаўся ў калег, ці не атрымлівалі яны чагосьці падобнага. Але пакуль адрасатаў у невядомага “дабразычліўцы” было ўсяго два.
Алена Сьцяпанава распавяла пра атрыманы ліст наступнае: “Подпіс, найхутчэй, выдуманы. І зваротны адрас заведзены, імаверна, для “разавай адпраўкі”. Прынамсі, я запыталася ў гэтага Яўгена Мішакова, ці ня блытае ён чагосьці, але адказу не атрымала. У самім лісьце – нейкія натужныя спробы гіранізаваць з таго, што журналісты пішуць крытычныя тэксты пра беларускую рэчаіснасьць. Маўляў, матэрыялы неаб’ектыўныя, і гэта выкананьне “замоваў”, а таксама спробы зарабіць сабе танную папулярнасьць і імя ў журналістыцы. Маўляў, “акулы пяра” і “кіты мікрафону” дзейнічаюць амаральна, шукаючы скандалаў у пошуках вялікіх ганарараў і славы… Між тым гэты Яўген Мішакоў піша пра нейкія падзеі, да якіх мы, мясцовыя журналісты, займаючыся тутэйшымі праблемамі, нават не зьвяртаемся – пра адносіны Беларусі з Вэнэцуэляй, пра візыты кіраўнікоў дзяржаў адно да аднаго… Але напрыканцы ліста – відавочныя пагрозы, накшталт таго, што праз ваш доўгі язык можаце трапіць у “месцы не такія аддаленыя”…”
У апошнім абзацы ліста незалежным журналістам “нагадваюць” пра існаваньне Закону “Аб асновах дзейнасьці па прафіляктыцы правапарушэньняў”, хаця незразумела, якое дачыненьне да яго маюць прадстаўнікі гэтае прафэсіі. А таксама страшаць артыкуламі з Крымінальнага кодэксу за “дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь” і “заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду зьнешняй бясьпецы Рэспублікі Беларусь, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абароназдольнасьці”.
Нагадаем, у Алены Сьцяпанавай і Сяргея Серабро колькі год таму праводзілі ператрусы, ім дасылалі артыкулы зь мясцовай газэты “Віцьбічы”, дзе ў зьняважлівым тоне пісалі пра сябра КХП БНФ Сяргея Каваленку, які вывесіў сьцяг на навагодняй ёлцы, і пра тое, што незалежныя журналісты няправільна асьвятляюць гэты ўчынак… Сяргея Серабро, рэдактара сайту “Народныя навіны Віцебска”, іншым разам не пускаюць з фотаапаратам на гарадзкія мерапрыемствы. Супраць Алены Сьцяпанавай тры тыдні таму міліцыянты ініцыявалі адміністрацыйную справу нібыта за парушэньне заканадаўства аб СМІ, але Кастрычніцкі райсуд не прыняў яе да разгляду.