Прычына добрага гумору ўдзельнікаў сустрэчы – ня толькі ў тым, што майстры пяра вырашылі сабрацца ў самы разгар сьвятаў: хрысьціяне, што прытрымліваюцца Грыгарыянскага календара, працягваюць адзначаць Божае Нараджэньне, а зусім скора – любімы ўсімі Новы год. Да прыўзьнятага настрою журналістаў рэгіёну спрычынілася навіна, што надоечы прыйшла зь Менску: віцебская філія БАЖ прызнаная найлепшай сярод усіх рэгіянальных суполак па выніках 2015 году.
Менавіта падвядзеньню вынікаў году, што сыходзіць, і плянам на год будучы была прысьвечаная першая частка імпрэзы. Зь дзясятак чалавек, якія зрабілі найвялікшы ўнёсак у перамогу філіі, былі ўганараваныя сымбалічнымі падарункамі – ім уручылі копіі дыплёму, атрыманага мясцовай суполкай БАЖ «За перамогу ў конкурсе на найлепшую філію 2015 году».
Сярод узнагароджаных – і аўтары матэрыялаў, створаных да 20-годзьдзя БАЖ, прысьвечаных рэгіянальнай журналістыцы, і ўдзельнікі крэатыўнай акцыі з высадкай дрэваў, што ладзілася на пачатку лістапада ў межах сусьветнай кампаніі ў падтрымку вольнай журналістыкі. «Усюды такія акцыі праходзілі пад лёзунгам "Станем за журналістыку", і толькі ў Віцебску – не стаялі, а садзілі», – пераказала словы сталічных калегаў, сказаныя тымі падчас узнагароджаньня віцебскай філіі, Алена Сьцяпанава.
Самой Алене Сьцяпанавай, якая была вядоўцам імпрэзы, таксама быў уручаны падарунак – як найлепшаму кіраўніку філіі. Яна дастала ня копію згаданага вышэй дыплёму, як усе астатнія (бо гэтыя копіі яна і раздавала), а букецік кветак – з рук аднаго з новых сябраў віцебскай суполкі БАЖ. Дарэчы, да прафэсійнай супольнасьці журналістаў у Віцебску ў 2015 годзе далучыліся некалькі чалавек – і цяпер мясцовая філія БАЖ налічвае 32 сябры, ня толькі з абласнога цэнтру, але і з раёнаў – Гарадоцкага, Бешанковіцкага.
Якраз бешанковіцкі журналіст, паэт і бард Георгі Станкевіч стаўся героям другой часткі сустрэчы. Прысутным быў прадэманстраваны дакумэнтальны фільм пра яго, створаны Аленай Сьцяпанавай і відэаапэратарам з Барысава Аляксандрам Зянковым – ён таксама прыехаў на сустрэчу ў Віцебск. А пасьля спадар Георгі выканаў пад гітару некалькі сваіх песень і падарыў ахвотным адзін са сваіх зборнікаў вершаў – ахвотных атрымаць кнігу з аўтографам з рук аўтара аказалася больш, ніж той захапіў з сабою асобнікаў.
https://vitebsk.dns.army/news/svaboda-slova/item/171-vitsebskiya-syabry-belaruskaj-asatsyyatsyi-zhurnalistau-razvitalisya-z-2015-godam-fota#sigProId4660352d79