Чацвер, 02 Люты 2017

Вольга Карач з афіцыйным папярэджаньнем ня згодная

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Вольга Карач Вольга Карач

Уладальніца «Віцебскага кур'еру» Вольга Карач скардзіцца на пісьмовае папярэджаньне, атрыманае ад Міністэрства інфармацыі, у суд.

Напрыканцы 2016 году, 26 сьнежня, на рэсурсе mininform.gov.by была разьмешчана інфармацыя наступнага зьместу: «Міністэрства інфармацыі 26 сьнежня 2016 году вынесла пісьмовае папярэджаньне ўладальніку інфармацыйнага рэсурсу vkurier.by за распаўсюд недакладнай інфармацыі, якая можа нанесьці шкоду грамадзкім інтарэсам».

У пісьмовым папярэджаньні ўладальніку «Віцебскага кур'еру» гаварылася, што ў артыкуле «Навошта забіраюць дзіця з шчаснай сям'і?», зыходзячы зь ліста Віцебскага аблвыканкаму, у загалоўку і зьмесьце ёсьць

недакладная інфармацыя, што можа нанесьці шкоду грамадзкім інтарэсам, якая палягае ў масавай дэзінфармацыі насельніцтва, падрыве аўтарытэту органаў дзяржаўнага кіраваньня ў частцы абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы, а таксама прафіляктыкі сямейнага няшчасьця ў Рэспубліцы Беларусь.

Сем'і, пра якіх напісана ў публікацыі, не належаць да катэгорыі шчасных, у адносінах да абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей рабіліся неабходныя захады ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі заканадаўства.

Уладальніца інфармацыйнага рэсурсу «Віцебскі кур'ер» Вольга Карач падала скаргу на пісьмовае папярэджаньне ў суд Цэнтральнага раёну гораду Менску.

Дзекабрына Маер, vkurier.by/