Як звычайна, па шматгадовай завядзёнцы, Барыс Хамайда быў у гэты дзень на сваім астраўку свабоды ля “сіняга дому”, дзе ўжо шмат гадоў распаўсюджвае незалежныя выданьні.
Ужо ня першы год віншуюць калегі нязломнага барацьбіта за свабоду прэсы з гэтым важным для вольнага грамадзтва сьвятам. Летась адбылася фотавыстава, прысьвечаная Барысу Ханонавічу, а сябрамі БАЖ Аляксандрам Зянковым і віцебскай журналісткай Аленай Сьцяпанавай быў зьняты фільм пра лёс рэдактара незалежнай газэты “Выбар”, другога ў Віцебску з часоў перабудовы дэмакратычнага выданьня. Прагляд дакумэнтальнай стужкі “Выбар Барыса Хамайды” быў зладжаны ў Віцебску, Воршы, Полацку, а цяпер кожны ахвотны можа знайсьці фільм у сеціве.
Сёлета ж віцебскаму актывісту падарылі нататнік і асадку, якой яго папрасілі занатоўваць свае ўспаміны пра паўстаньне дэмакратычнага руху і разьвіцьцё свабоднай прэсы ў Віцебску. Падарылі яму і тры фотаздымкі зь мінулагодняй выставы. На адным здымку, зробленым у кастрычніку 1990 году, яго затрымліваюць два амапаўцы, што і зафіксаваў для гісторыі журналіст і фатограф Сяржук Серабро.
Вельмі натхняльным падарункам сталіся паштоўкі з пажаданьнямі. Як кажа Алена Сьцяпанава, ідэя надрукаваць такія паштоўкі ўзьнікла пасьля таго, як шэраг віцебскіх журналістаў трапілі на суткі ў ізалятар часовага ўтрыманьня за асьвятленьне падзеяў у Дзень Волі. Высьветлілася, што ў продажы няма паштовак з аптымістычнымі пажаданьнямі, а каб выказаць салідарнасьць і падтрымаць часова ізаляваных калегаў, патрэбныя былі менавіта такія паштоўкі.
З нагоды Сусьветнага дня свабоднай прэсы Барыс Ханонавіч выказаў сваё меркаваньне пра важнасьць вольнай журналістыкі і свабоднай прэсы: “У кожнай дэмакратычнай краіне незалежная прэса – гэта чацьвёртая галіна ўлады. Там жа, дзе няма свабоднай прэсы, найперш занепадае эканоміка, а жыцьця нармальнага няма. Назіраючы за разьвіцьцём цывілізаваных краінаў, мы бачым: там, дзе прэса разьняволеная, там – моцная эканоміка, там усё робіцца дзеля людзей.
Для мяне ж асабіста паняцьце свабоды прэсы ў першую чаргу зьвязанае з выданьнем у Віцебску незалежнай беларускамоўнай газэты “Выбар”, якая выходзіла з 1991 па 2005 гады. Дарэчы, цалкам беларускамоўным выданьне стала дзякуючы парадам Васіля Быкава, які нашу газэты чытаў”.
https://vitebsk.dns.army/news/svaboda-slova/item/2284-vitsebskiya-zhurnalisty-pavinshavali-barysa-khamajdu-z-dnjom-svabody-presy#sigProIde093d455f3
С. Горкі