Нядзеля, 11 Лістапад 2018

Ператрус у віцебскага доктара-праўдаруба Пастнова – забралі лямпавы тэлевізар “Віцязь”

Ацаніць гэты матэрыял
(9 галасоў)
Ігар Пастноў у судзе. Архіўнае фота (2017) Ігар Пастноў у судзе. Архіўнае фота (2017)

У суботу 10-га лістапада ў кватэры віцебскага псыхіятра Ігара Пастнова адбыўся ператрус. Пра гэта Пастноў паведаміў у сацсетках. Як піша, міліцыянты шукалі наркотыкі, парнаграфію, фальшывыя грошы і перапіску з амбасадамі і праваабарончымі арганізацыямі. А ў выніку – забралі лямпавы тэлевізар…

Як расказаў Ігар Пастноў, вобшук праводзілі супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС Віцебску ў межах расьсьледаваньня крымінальнай справы, якая была распачатая супраць яго 13 жніўня 2018 году за паклёп (ч.2 арт. 188 КК РБ) на пракурора горада Віцебску Юрыя Раманоўскага. Справу вядзе сьледчая УСК па Віцебскай вобласьці Людміла Руткоўская.

Паводле словаў Ігара Пастнова, ператрус цягнуўся дзьве з паловай гадзіны – ад 17.30 до 20.00.

“Па завяршэньні ператрусу міліцыянты нічога не змаглі зрабіць, як арыштаваць мой старэнькі лямпавы тэлевізар, які пазьней плянуюць прадаць, а атрыманыя з гэтага грошы перадаць маральна пакрыўджанаму пракурору Раманоўскаму”, – піша Пастноў.

Ігар Пастноў паведамляе, што гэта ўжо пяты ператрус у ягонай кватэры цягам апошніх гадоў, і ён быў падрыхтаваны да яго.

За тыдзень да ператрусу Ігар Пастноў паведамляў таксама, што ў дачыненьні яго хочуць распачаць яшчэ адну крымінальную справу. Гэтым разам – за абразу судзьдзі суду Чыгуначнага раёну Віцебску Цыганковай.

Мы ўжо пісалі, што 27 верасьня Ігара Пастнова і ягонага паплечніка Рафаэля Кірылава-Шмільхольдхарда гвалтам адправілі на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі – пад канвоем і ў кайданках. Але галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтру псыхіятрыі адмовіўся праводзіць экспэртызу дастаўленых пад прымусам грамадзян. Віцябляне абскардзілі дзеяньні сьледчай Руткоўскай і супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуры.

Зьміцер Міраш  

1 камэнтар

  • Спасылка на Камэнтар анастасия Панядзелак, 12 Лістапад 2018 Дадаў анастасия

    Постнов и Кириллов это просто психически больные люди, которых своевременно надо лечить. Когда это врачи не делают, психи отправляются на принудительное лечение, где Постнов и Кириллов были не раз. Жаль таких, бездействие психиатров полное....

    Паскардзіцца