Субота, 25 Ліпень 2015

Журналіст Зьміцер Лупач аштрафаваны на чатыры з паловай мільёны рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

23 ліпеня Глыбоцкі райсуд прызнаў Зьмітра Лупача вінаватым у парушэньні заканадаўства аб СМІ – часткі 2 артыкулу 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі).

Падставай для судовай справы стаў матэрыял “Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасьня 1939 году”, разьмешчаны 9 чэрвеня на сайце “Эўрарадыё”. Справу разглядала старшыня Глыбоцкага райсуду Ірына Казак.

Судзьдзя не дазволіла выступіць у якасьці сьведкі прадстаўніку БХК па Віцебскай вобласьці, сябру ГА “БАЖ” Паўлу Левінаву. Ён хацеў патлумачыць, што Зьміцер Лупач, як прыватная асоба, не зьяўляецца выдаўцом або распаўсюднікам СМІ. Аўтарства Зьмітра Лупача не пацьвердзіў і прадстаўнік “Эўрарадыё”, дырэктар карпункту Канстанцін Залатых – ён засьведчыў, што гэта быў рэдакцыйны артыкул.

Адвакат спадара Лупача падкрэсьліла, што сьведкі не пацьвердзілі таго, што давалі інтэрвію Зьмітру Лупачу. І што журналіста пазбавілі права на абарону, бо пратакол пра ягонае правапарушэньне быў складзены 25 чэрвеня, і толькі 10 ліпеня, паводле дакумэнтаў судовай справы, яму патлумачылі ягоныя правы. Адвакат прапанавала скасаваць справу Зьмітра Лупача, прызнаўшы яго невінаватым.

Тым ня менш суд прызнаў журналіста вінаватым, ня ўзяўшы пад увагу тлумачэньні Зьмітра Лупача, які таксама ня лічыць сябе правапарушальнікам. Суд таксама не прыняў высновы адваката, што пратакол правапарушэньня складзены некарэктна: у ім няма зьвестак пра час і месца здзяйсьненьня правапарушэньня, няма подпісу журналіста пра тое, што яго азнаёмілі з правамі і абавязкамі асобы, у дачыненьні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Апрача гэтага, адвакат зазначыла, што міліцыя праводзіла праверку дзеяньняў журналіста паводле нормаў Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, а ў адміністрацыйным заканадаўстве такога не прадугледжана.

Справу Зьмітра Лупача аднойчы ўжо вярталі на дапрацоўку ў міліцыю – першапачаткова дата суду над журналістам была прызначаная на 10 ліпеня. Новага пратаколу на спадара Лупача ня склалі. Старшыня суду вырашыла, што ў такім выглядзе, як ёсьць, справа можа быць разгледжаная ў судзе.

Журналіст кажа, што зьбіраецца абскардзіць рашэньне Глыбоцкага райсуду у Віцебскім абласным судзе.

spring96.org