Чацвер, 07 Кастрычнік 2021

Віцебскі суд прызнаў суполку «Глыбокае для жыцця!» «экстрэмісцкай»

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 6 кастрычніка прызнаў чарговы інтэрнэт-рэсурс «экстрэмісцкімі матэрыяламі». На гэты раз – тэлеграм-чат «Глубокое для жизни!». Рашэнне прымала суддзя Святлана Варатынская. Прычым спачатку яна называла рэсурс «тэлеграм-групай», а потым – «тэлеграм-каналам». Суполка «Глыбокае для жыцця» у «Тэлеграме» мае 1129 удзельнікаў.

З заявай у суд аб прызнанні рэсурсу «экстрэмісцкімі матэрыяламі» звярнулася 7-е ўпраўленне ГУБАЗіК па Віцебскай вобласці. Супрацоўнік, які прадстаўляў на судзе інтарэсы ГУБАЗіК, заявіў, што ў гэтым чаце «распаўсюджваюцца матэрыялы, якія распальваюць ідэалагічную варожасць у дачыненні да супрацоўнікаў дзейнай улады і якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь, падрываюць аўтарытэт улады».

На думку супрацоўніка ГУБАЗіК, «Глубокое для жизни!» «распаўсюджвае матэрыялы, у якіх высмейваецца і падаецца ў негатыўным ключы інфармацыя пра прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, службовых асобаў Рэспублікі Беларусь». «Папулярызуецца пратэставая дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Размяшчаюцца асабістыя анкетныя дадзеныя супрацоўнікаў праваахоўных органаў, спартоўцаў, суддзяў. Публікуюцца заклікі да хуліганскіх дзеянняў», – пералічыў службовец.

Паводле яго, удзельнікі чату маюць на мэце змяніць канстытуцыйны лад у краіне. Пры гэтым ніякіх канкрэтных прыкладаў ён не прыводзіў. Не патлумачыў таксама, які акурат палітычны лад хочуць стварыць удзельнікі глыбоцкай суполкі.

Пракурор Ананенка заявіў, што выкладзеныя ў скарзе патрабаванні ГУБАЗіКу абгрунтаваныя і падлягаюць задавальненню.

Суддзя Святлана Варатынская задаволіла скаргу і прыняла рашэнне «прызнаць экстрэмісцкімі матэрыяламі інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-групы з назвай «Глубокое для жизни!» Заявіла, што гэтае рашэнне з'яўляецца падставай для блакавання інтэрнэт-рэсурсаў, якія спрыяюць іх распаўсюду на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Уладзімір Бяляўскі