Па задумцы Таццяна Мацвеевай, на канале «Наш Віцебск. Навіны, людзі, гісторыі» будуць размяшчацца мясцовыя навіны, дзіўныя і незвычайныя апавяданні аб гараджанах, а таксама «нясумныя нататкі аб культуры і гісторыі Віцебска. Ды іншы аўтарскі кантэнт».
«Усё пра Віцебск з любоўю», - напісала аўтарка ў апісанні свайго блога.
Акрамя таго, Таццяна Мацвеева ўжо больш за 8 гадоў вядзе групу ў Фэйсбуку «Навіны Віцебска ТУТ», на якую падпісана больш за 23 тысячы чалавек. «На сёння яна самая вялікая сярод віцебскіх групаў у Фэйсбуку» – запэўнівае журналістка.
Таццяна Мацвеева прафесійны журналіст, больш за 20 гадоў адпрацавала ў розных сродках масавай інфармацыі, як мясцовых так і рэспубліканскіх. З 2013 па 2021 год была рэдактарам па Віцебскай вобласці вядомага парталу tut.by, пакуль той не быў абвешчаны «экстрэмісцкім» і цалкам разгромлены беларускімі ўладамі. Многія журналісты парталу былі вымушаныя пакінуць краіну, а некалькі супрацоўнікаў разам з галоўным рэдактарам Марынай Золатавай апынуліся за кратамі. Пасля разгрому рэдакцыі Таццяна Мацвеева прыняла для сябе прынцыповае рашэнне заставацца ў Беларусі і нікуды не з'язджаць.
«Страціўшы любімую працу, я вельмі заганялася, перажывала, што памерла як журналіст: па вядомых прычынах не магу пісаць вострых навінаў, закранаць важныя для грамадства тэмы, дапамагаць людзям сваімі артыкуламі», – напісала ў Фэйсбуку Таццяна.
Цяпер яна працуе фрылансерамі ў некалькіх незалежных выданнях, якія яшчэ засталіся ў нашай краіне. І прыняла рашэнне весці свой уласны блог пра горад. «Калі вам цікавая такая тэматыка, падтрымайце мяне, пачаткоўца-блогера. Падпішыцеся!» – піша журналістка.
Віталь Емяльянаў