Чацвер, 30 Чэрвень 2022

Журналістку Таццяну Матвееву выклікалі ў міліцыю за TUT.BY

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Таццяна Матвеева. Фота: Татьяна Матвеева / Facebook Таццяна Матвеева. Фота: Татьяна Матвеева / Facebook

Паводле Таццяны Матвеевай, запрашаючы яе ў Кастрычніцкі РАУС праз тэлефон, супрацоўнік патлумачыў, што набліжаецца важная дата, і таму паўстала неабходнасць у прафілактычнай гутарцы. У журналісткі гэта не выклікала вялікага здзіўлення: насамрэч, наперадзе 3 ліпеня, розныя святкаванні, прымеркаваныя да ўгодкаў вызвалення Беларусі ад нацыстаў.

Віцебскую журналістку Таццяну Матвееву і раней выклікалі на падобныя гутаркі напярэдадні падзеяў дзяржаўнага маштабу – прыкладам, перад рэферэндумам 27 лютага давялося ісці і ў міліцыю, і ў пракуратуру. Але падчас цяперашняга візіту давялося адказваць на іншыя пытанні.

«Прычына «прафілактычнай гутаркі» была зусім не ў тым, што набліжаецца «важная дата» 3 ліпеня і што ўсіх «нядобранадзейных» трэба папярэдзіць, каб сядзелі, як мышы пад венікам, і не перашкаджалі народным «гуляніям» і «таржэствам», – напісала Таццяна Матвеева на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. – Прычына была ў тым, што Тут.бай нядаўна прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй». І вось у мяне амаль 2 гадзіны даведваліся, ці не супрацоўнічаю я з ёй. На развітанне сказалі: да новых сустрэч».

Таццяна Матвеева – прафесійны журналіст, яна больш за 20 гадоў адпрацавала ў розных СМІ, мясцовых і рэспубліканскіх. І сапраўды з 2013-га да 2021-га году была рэдактарам па Віцебскай вобласці гэтага вядомага парталу, пакуль той не быў абвешчаны «экстрэмісцкім» інфармацыйным рэсурсам. Не так даўно яго прызналі і «экстрэмісцкім фарміраваннем». Некаторыя супрацоўнікі апынуліся за кратамі, многія былі вымушаныя пакінуць краіну, бо не пачуваліся ў бяспецы. Таццяна прыняла для сябе прынцыповае рашэнне заставацца ў Беларусі, цяпер яна працуе фрылансерам у некалькіх незалежных выданнях і вядзе ў Фэйсбуку старонку «Новости Витебска ТУТ».

Калі Таццяна Матвеева паведаміла ў сацыяльных сетках, што мусіць ісці на прафілактычную гутарку ў міліцыю, многія яе падпісчыкі пачалі пісаць у каментарах, што іх запрашалі таксама. Жыхары Віцебску адзначаюць, што нагодамі для выклікаў было набліжэнне самых розных імпрэзаў – прыкладам, Дня Расеі або чарговых ўгодкаў абласнога цэнтру. Але надзвычайная актывізацыя ў міліцэйскай «прафілактыцы» стала асабліва заўважнай у апошні тыдзень.

Станіслаў Іваноўскі