«Брахма Кумарыс» была заснаваная ў 1937 годзе ў Індыі Дада Лекграджам, пасьпяховым вядомым ювэлірам, які кінуў бізнэс і прысьвяціў сябе духоўнай асьвеце людзей. Асновай веравучэньня Лекграджа зьяўляецца існаваньне «Ўсявышняга Айца Шыва Баба», вучэньне апавядае пра абавязковы распарадак дня, вэгетарыянства і строгі цэлібат.
У ідэале кожны пасьлядоўнік павінен праходзіць навучаньне і практыкавацца ў ёзе на працягу чатырох гадоў, а пасьля весьці місіянэрскую працу. На знак сваёй чысьціні настаўнікі і іх прыхільнікі носяць адзеньне белага колеру і адмысловыя значкі, якія паказваюць на прыналежнасьць да руху.
Цэнтры арганізацыі дзейнічаюць у розных краінах усяго сьвету. Сусьветны духоўны ўнівэрсытэт Брахма Кумарыс актыўна супрацоўнічае зь міжнароднымі органамі ААН: арганізацыя мае кансультацыйны статус у Эканамічнай і Сацыяльнай Радзе (ECOSOC) і ў UNICEF, зьяўляецца членам Дэпартамэнту ААН па грамадзкай інфармацыі, а таксама рэалізуе розныя праекты пры падтрымцы ААН і ЮНІСЭФ. У 1987 году кіраўніца адміністрацыі арганізацыі Брахма Кумар Пракашмані была ўганараваная ААН званьнем «пасланец сьвету».
У той самы час у Расеі мясцовыя экспэрты на запыт дзяржаўных органаў прыйшлі да высновы, што Сусьветны духоўны ўнівэрсытэт Брахма Кумарыс «зьяўляецца нетрадыцыйным рэлігійным рухам з дэструкцыйным, а па некаторых пытаньнях, і чалавеканенавісьніцкім веравучэньнем... Рэлігійнае веравучэньне і практыка дзейнасьці арганізацыі… зьмяшчаюць прыкметы таталітарнага культу».
У адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, каб ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць афіцыйна, кожная грамадзкая або рэлігійная арганізацыя павінна прайсьці абавязковую працэдуру рэгістрацыі ва ўпаўнаважаным дзяржаўным органе. Аднак «Брахма Кумарыс» у Віцебску не была зарэгістраваная.
Каля дзесяці чалавек штодня зьбіраліся ў кватэры па вуліцы Чкалава, аформленай, як і належыць, у белыя колеры, мэдытавалі, вывучалі рэлігійную літаратуру, праглядалі відэаматэрыялы. Большасьць з удзельнікаў – самотныя жанчыны, пэнсіянэркі.
– Усе чальцы віцебскай сэкты прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці, – паведаміў намесьнік начальніка аддзелу прафіляктыкі правапарушэньняў Першамайскага РАУС Артур Пятроўскі. – А паўторнае парушэньне закону можа пагражаць адэптам крымінальнай адказнасьцю паводле артыкулу 193¹ Крымінальнага кодэксэ Рэспублікі Беларусь «Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб'яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фундацыі альбо ўдзел у іх дзейнасьці».
https://vitebsk.dns.army/news/svaboda-sumlennja/item/2113-vitsebskim-vernikam-prykhilnikam-induistskaga-vuchennya-pagrazhae-perasled-pavodle-artykulu-193-kk#sigProIdfa079131df
Паводле vitvesti.by і публікацыяў адкрытых крыніц
Фота: РАУС Першамайскага раёну Віцебску