Серада, 28 Жнівень 2019

Па Віцебску на праваслаўнае сьвята прайшоў хросны ход – фотарэпартаж

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Хросны ход на Ўсьпеньне Багародзіцы ў Віцебску Хросны ход на Ўсьпеньне Багародзіцы ў Віцебску

На сьвята Усьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы 28 жніўня па цэнтральных вуліцах Віцебску прайшоў традыцыйны хросны ход. У рэлігійным шэсьці ўдзельнічала каля 500 чалавек.

Хросны ход рушыў ад храму Сьвятога Георгія Пабеданосца. Працэсія прайшла па праспэкце Чарняхоўскага і вуліцы Леніна да Сьвята-Ўсьпенскага кафэдральнага сабору. Дарожны рух па гэтых вуліцах часткова перакрываўся.

Удзел у сьвяточным шэсьці ўзялі сьвятары і вернікі віцебскіх праваслаўных прыходаў. Наперадзе калёны рухалася машына з усталяванымі на ёй званамі, сьвяточны перазвон якіх не сьціхаў на ўсім шляху.

Сьледам ішлі вернікі з харугвамі ды сьвятары. Ікону Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы несьлі прадстаўнікі віцебскага казацтва.

Завяршыўся крыжовы ход урачыстым малебнам ля Сьвята-Ўсьпенскага сабору. У малебне ўзяў удзел архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзьмітрый.

С. Горкі, фота аўтара