Ужо трэці месяц доўжыцца праверка зместу выказванняў Вячаслава Барка ў відэаблогу на YouTube, які мае каля 5 тысяч падпісчыкаў. Следчыя высвятляюць, ці няма ў выказваннях святара заклікаў да экстрэмізму і распальвання міжнацыянальнай варажнечы. Дзве праведзеныя лінгвістычныя экспертызы паказалі, што няма. Але наперадзе – наступныя.
«Лінгвістычныя экспертызы дзве атрымалі, з імі пазнаёмілі. Там напісана, што заклікаў да экстрэмізму няма, і няма падставаў распачынаць крымінальную справу. Будуць яшчэ псіхалагічныя экспертызы: псіхолагі будуць вывучаць, да каго прамовы скіраваныя і ці няма ў іх заклікаў да нейкіх груп у грамадстве, каб распальваць варожасць», – патлумачыў каталіцкі святар.
Ксёндз Вячаслаў Барок кажа, што следчыя прызначылі яшчэ 11 экспертыз і што пад увагу следчага камітэту трапілі 8 відэаролікаў ягонага блога.
Барок катэгарычна адмаўляе намеры дэструктыўнага ўплыву на грамадства. Цвердзіць, што вядзе свой відэаблог дзеля папулярызацыі Божага слова і дзеля хрысціянскага і патрыятычнага выхавання сваіх землякоў.
Ксёндз Вячаслаў кажа, што тыя ж мэты ён пераследаваў, размяшчаючы ў сацыяльных сетках твор Уладзіміра Цэслера «Стоп лукашызм». Аднак у снежні мінулага году ён быў асуджаны паводле адміністрацыйнага артыкула 17.10 («Прапаганда або публічная дэманстраванне і (або) распаўсюд нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі»). 10 сутак ксёндз правёў пад арыштам у віцебскім ізалятары часовага ўтрымання.