Паводле звестак «Хрысціянскай візіі», 4 ліпеня Анджэя Юхневіча перавялі з віцебскага ІЧУ, дзе ён адбываў адміністрацыйныя арышты, прысуджаныя адзін за адным, у віцебскі СІЗА. Найверагодней, гэта звязана з прад'яўленнем арыштаванаму абвінавачання па крымінальным артыкуле.
10 траўня шумілінскаму ксяндзу былі прысуджаны 15 сутак арышту за размяшчэнне ў Фэйсбуку фотаздымка на фоне бел-чырвона-белага сцяга. Найверагодней, што на гэтым фотаздымку ён быў зняты разам з Паўлам Лемехам, бо ў судовых пастановах правіны ксяндзоў апісваюцца вельмі падобным чынам. Таксама ў судзе 10 траўня Анджэй Юхневіч пацвердзіў наяўнасць у ягонам акаўнце выявы сцяга Украіны. За гэта суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Наталля Карабліна абвінаваціла ксяндза ў правядзенні не санкцыянаванага ўладамі пікетавання. Па якіх адміністрацыйных справах яго судзілі яшчэ некалькі разоў, дакладна не вядома.
25 чэрвеня прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці прызналі Анджэя Юхневіча палітычным зняволеным.
Святар Анджэй Юхневіч - святар ордэна Місіянераў Облатаў Беззаганнай Марыі, ён з'яўляецца кіраўніком каардынацыйнай групы пробашчаў і прадстаўнікоў манаскіх абшчын Беларусі.
Затрыманне ксяндзоў Анджэя Юхневіча і Паўла Лемеха адбылося ў Шуміліне пасля сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў у шумілінскім санктуарыі Маці Божай Фацімскай. «Манахіні разам з а. Анджэем Юхневічам ОМІ разважалі над тым, як плённа жыць Божым словам у штодзённым жыцці і як па прыкладзе Найсвяцейшай Марыі дазволіць Божаму слову, каб яно нас фармавала», --паведамляў пра гэтую імпрэзу сайт catholicnews.by.
Ірына Кухар