Пятніца, 07 Чэрвень 2013

Барыс Хамайда: Трэба ігнараваць злачынную групоўку пры ўладзе

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Барыс Хамайда Барыс Хамайда

Пачынаючы з 1996 году, правазнаўца Барыс Хамайда каля «Сіняга дому» ў Віцебску вядзе агітацыю, каб людзі не хадзілі ні на якія выбары. Але ягоныя заклікі зразумелыя ня ўсім грамадзянам. Ня згодныя зь віцебскім актывістам і шмат хто з апазыцыйных палітыкаў. Каб лепш зразумець пазыцыю Барыса Ханонавіча, «Дыялёг» папрасіў яго адказаць на некалькі пытаньняў.

Чаму многія палітыкі гуртам вяляць на выбары ў парлямэнт, мясцовыя саветы і на пасаду прэзыдэнта, не прыслухоўваючыся да Вас?

Усё даволі проста. Тут няма вышэйшай матэматыкі. Кожны законапаслухмяны грамадзянін мяне зразумее.

У лістападзе 1996 году ў нашай краіне адбыўся антыканстытуцыйны пераварот. Пасьля правядзеньня так званага рэфэрэндуму прыпыненая Канстытуцыя 1994 году. З таго часу ў краіне ўведзеная эрзац-канстытуцыя (фактычна – фількава грамата).

Са складу легітымнага Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня былі адабраныя 110 патрэбных грамадзян ( для якіх закон быў што дышаль), яны і былі прызначаныя дэпутатамі у «палатку». Фактычна, краінай пачала кіраваць бандыцкая групоўка. Быў створаны фонд кіраўніка дзяржавы, калі казаць па «фені» – «абшчак». Кіруючая групоўка, добра арганізаваная і ўзброеная, ставіць перад сабой карысьлівыя мэты. Вось гэтыя 110 кішэнных прызначэнцаў і пачалі абслугоўваць групоўку.

Міжнародна-прававыя структуры не прызналі вынікаў гэтага рэфэрэндуму. Мне могуць запярэчыць: Захад нам ня ўказ. У гэтым выпадку ня толькі ўказ, але і загад. Распрацоўшчыкі канстытуцыі 1996 году альбо па няведаньні, альбо наўмысна, каб падставіць арганізатараў перавароту, запісалі у артыкуле 8 наступнае: «Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забясьпечвае адпаведнасьць ім заканадаўства».

Пасьля гэтага запісу пастка зачынілася. Зараз трэба альбо вярнуцца ў прававое поле паводле стану на лістапад 1996 году, альбо рукі за сьпіну – і ў Гаагу! Ня буду ўдакладняць, як склаўся асабісты лёс тых дыктатараў, якія пагарджалі нормамі міжнароднага права. Дарэчы, будучая ўлада павінна заняцца і такім пытаньнем: выявіць усіх датычных да перавароту змоўшчыкаў і прыцягнуць іх да адказнасьці. Каб і іншыя ня мелі спакусы рабіць тое самае. Гэта будзе выкананьнем аднаго з галоўных прынцыпаў крымінальнага заканадаўства пра непазьбежнасьць пакараньня.

Што ў гэткіх умовах мусілі рабіць тыя, хто залічвае сябе да шэрагаў апазыцыі?

Яны павінны былі ігнараваць гэтую злачынную групоўку. Не зьвяртацца да яе з рознымі просьбамі, скаргамі і гэтак далей. Трэба было байкатаваць усе грамадзка-палітычныя ініцыятывы рэжымы. Фактычна, сысьці ва ўнутраную эміграцыю і адначасова тлумачыць людзям прычыну такіх паводзін.

Але палітычныя кентаўры павялі сябе па-іншаму. На словах яны не прызнавалі вынікаў лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году, а на справе пачалі бегаць па ўладных габінэтах па разнастайныя дазволы наконт рэгістрацыі ўласных структур (у злачыннай групоўкі прасіць дазволу на легальнае зь імі змаганьне), браць удзел у незаконных выбарах розных узроўняў. Апошняму дзеяньню нават прыдумалі крывадушнае абгрунтаваньне: маўляў, трэба ж нешта рабіць, не сядзець жа на канапе, склаўшы рукі. Калі нешта трэба рабіць, дык бяры рыдлёўку і капай каля сваёй хаты яму памерам два на паўтара метры!

Навошта?

Так, на ўсялякі выпадак. Раптам з даху будынку зваліцца на галаву цагліна, а тут ужо ўсё падрыхтавана…

Гэта ж трэба было дадумацца ўдзельнічаць у «выбарах» па правілах злачыннай групоўкі, піярыцца за яе грошы, загадзя ведаючы, што перамогі не будзе!?

Але ўсё адно заклікалі людзей на выбарчыя ўчасткі, каб тыя сказалі: «Не». Гэтак было падчас 3-га рэфэрэндуму 2004 году, калі «бацька» захацеў быць на троне вечна – тым самым дапамагалі забясьпечыць яўку. Гэтак было ўвесь час, дый на «выбарах» прэзыдэнта 2010 году. Потым, каб адмыцца ад палітычнага бруду, пачалі выходзіць на плошчу і лямантаваць: маўляў, нас падманулі і вынік сфальшаваны. Быццам бы ў шулераў мог быць іншы вынік?!

У сваю чаргу кіруючая групоўка, абураная тым, што за яе грошы гэтыя палітыканы яшчэ нешта спрабуюць казаць пра парушэньні на выбарах, парасьпіхвала завадатараў па турмах. І вось тут распачынаецца другая дзея атракцыёну – пад назвай «палітычныя вязьні».

Ня буду канкрэтызаваць, якія мэты ставяць перад сабой «змагары» з гэтым рэжымам, але тое, што для іх абыякавы лёс беларускай дзяржавы і яе народу, – для мяне відавочна. Інакш 17 год яны б не вадзілі людзей па зачараваным коле.

Якім жа чынам ажыцьцявіць тое, што вы прапануеце ўжо шмат гадоў?

Зразумела, што нельга ставіць калёсы наперадзе каня: нічога станоўчага з гэтага не атрымаецца. Трэба вярнуць краіне Канстытуцыю 1994 году і толькі потым ладзіць легітымныя выбары. Дык вось байкот усялякіх выбараў і ёсьць той шлях, пра які вы пытаецеся. Нельга гуляць паводле правіл бандыцкай групоўкі. Ведаеце, мы ня ў стане пракантраляваць галасаваньне. Яго вынік заўжды будзе на карысьць рэжыму. Як загадае правіцель, гэтак і падлічаць галасы.

Але дастаткова стаць ля ўваходу на выбарчы ўчастак і лічыць людзей па галовах. Дазволу на гэта не патрабуецца. Тады можна будзе ведаць колькасьць людзей, што адгукнуліся на заклік кіруючай групоўкі. Сам байкот – гэта яшчэ не перамога, але ўжо прыступка, ад якой да перамогі рукой дацягнуцца. Вось на гэткай пазыцыі і павінна стаяць апазыцыя, а ня бегчы трушком на выбары, ды яшчэ і людзей за сабой клікаць.

Байкот – гэта ня толькі выдатная магчымасьць кансалідаваць грамадзтва, але і той рэнтген, які высьвеціць усю агентуру ўплыву. У той дзень, калі дзьве траціны выбаршчыкаў ня прыйдуць на выбарчыя ўчасткі, да перамогі застанецца адзін крок.

Барыс Ханонавіч, але ж ёсьць паднявольныя грамадзяне – зь ліку працоўных, якіх гоняць на загад кіраўнікоў прадпрыемстваў на датэрміновае галасаваньне…

Такія заўжды знойдуцца, але і іх трэба лічыць, каб потым ведаць хто ёсьць хто. Але я іх разумею, бо яны не палітыкі.

І яшчэ. Апошні крок для злачыннай групоўкі павінен быць нечаканым. Аднак пасьля перамогі неабходна завяршыць справу, якую пачалі дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Зь вядомых прычын яны не змаглі паставіць канчатковаю кропку ў справе імпічмэнту Аляксандру Лукашэнку. Хвала Богу, жывыя яшчэ легітымны старшыня парлямэнту Сямён Шарэцкі і неабходная колькасьць легітымных дэпутатаў, якія і завершаць гэты законны працэс. Арганізацыйна зрабіць усё нескладана. Тады ні у каго ня ўзьнікне пытаньня пра легітымнасьць новай улады.

Крыніца: Дыялёг Online газэта