Нядзеля, 07 Кастрычнік 2012

Пэдагог - намесьніца старшыні ўчастковай камісіі адкажа за парушэньне закону

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Натальля Русанава Натальля Русанава

Віцебская настаўніца, якая напярэдадні асноўнага дня галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах са скуры вылузвалася, абы толькі вытурыць з выбарчага ўчастку назіральніка ад БХК сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава, будзе пакараная штрафам у памеры ад 4-х да 10 базавых велічынь. Падчас выбараў, што завяршыліся нядаўна, Натальля Русанава была намесьніцай старшыні ўчастковай выбрачай камісіі, што месьцілася ў гімназіі № 4 Віцебску. У звычайным жа жыцьці яна зьяўляецца завучам гэтай самай гімназіі.

 

Інцыдэнт з выдаленьнем Яна Дзяржаўцава з выбарчага ўчастку адбыўся ў суботу, 22 верасьня. Як распавёў спадар Ян, да яго выдаленьня ў вялікай ступені спрычынілася менавіта намесьніца старшыні камісіі. Адмыслова дзеля таго, каб пазбавіць яго акрэдытацыі ў якасьці назіральніка, у тэрміновым парадку быў сабраны амаль увесь склад камісіі. Расправа была імгненнай: чальцы камісіі хуценька прагаласавалі, перад тым “абвінавачанаму” ня даўшы нават слоўца закінуць у сваю абарону, - усё, справа зробленая!

Паводле слоў Яна Дзяржаўцава, спадарыня Русанава ўвесь час, пакуль ён выконваў свае абавязкі як назіральнік, чаплялася да яго, шукаючы толькі нагоды, каб як мага хутчэй пазбавіцца яго як нязручнага сьведкі таго, што адбываецца на ўчастку падчас выбараў. І такая нагода нарэшце знайшлася: “Як толькі я, знаходзячыся на ўчастку, пачаў тэлефанаваць у акруговую камісію, каб паведаміць пра парушэньне выбарчага заканадаўства, Русанава адразу схамянулася. Яна падбегла да сакратаркі камісіі, тыцкаючы ёй тэлефон з камэрай, са словамі: Фатаграфуйце яго! Гэтак яна намагалася атрымаць доказы, нібыта я штосьці парушыў”.

“Яна заўсёды, калі толькі была на ўчастку, імкнулася паказаць, што яна тут кіраўніца. Калі я нешта хацеў даведацца, нешта запытваўся, напрыклад, у сакратаркі, Русанава адразу ўмешвалася: Гэта ня ваша справа, - казала яна мне. Яна заўсёды хацела паказаць, што менавіта яна ў камісіі на першых ролях”, - распавядае Ян Дзяржаўцаў.

На думку віцебскага актывіста, Натальля Русанава, якая калісьці пераехала на Віцебшчыну з Разанскай вобласьці Расеі, дзе скончыла і школу, і ВНУ, часьцяком паводзілася як сапраўдная расейская шавіністка: “Яе вельмі раздражняла, што я размаўляю па-беларуску. «Разговаривайте на русском языке, а не на каком-то непонятном», - казала яна мне. Гэтак ёй беларуская мова стаіць у горле! І як можна ёй было даверыць выхоўваць дзетак?! Яна ж не выхоўвае іх, а калечыць!” - абураецца Ян Дзяржаўцаў.

Чым гэтак замінаў працы ўчастковай камісіі незалежны назіральнік, стала вядома пазьней. Ян Дзяржаўцаў: “«Народнае Слова» пра гэта напісала. Аказваецца, у нядзелю ўвечары ў гімназіі № 4, дзе разьмешчаны ўчастак, мусілі зьявіцца прадстаўнікі місіі назіральнікаў Парлямэнцкага сходу Беларусі і Расеі. Там яны перад запрошанымі журналістамі распавядалі, як файна прайшлі выбары ў Беларусі. Уявіце, калі б у той час на выбарчым участку быў я і расказаў бы, як выбары праходзілі насамрэч…”

Выбары прайшлі. І цяпер - да наступных выбараў - верныя слугі рэжыму, якія зрабілі “легітымным” увесь спэктакаль, што адбыўся, сталі непатрэбнымі. Вось улады, дэманструючы, што ўсё ў краіне адбываецца нібыта паводле закону, і дазваляюць, каб той-сёй зь тых, дзякуючы каму яны надоечы сфармавалі склад нацыянальнага сходу, быў публічна “вылупцаваны”.

Зрэшты, “лупцоўцы” Натальлю Русанаву падвергнулі зусім не за тыя дзеяньні, што яна чыніла ў адносінах да Яна Дзяржаўцава. У той самы дзень, калі апошні быў вытураны з выбарчага ўчастку, у гімназію № 4 Віцебску, каб дапамагчы назіральніку абараніць свае правы, завітаў вядомы ў горадзе над Дзьвіной актывіст Пётар Іваноў. Ён запатрабаваў, каб яму далі кнігу заўвагаў і прапановаў, на што спадарыня Русанава адказала яму ў грубай форме, што такой кнігі ў гімназіі няма, ніколі не было і не павінна быць.

Цягам пяці гадзін 22 верасьня Пётар Іваноў змагаўся за выдачу яму запаветнай кнігі. Куды толькі за гэты час ён ні зьвяртаўся - у міліцыю па тэлефоне 102, пасьля чаго ў гімназіі нечакана зьявіўся нарад спэцназу, у аддзел адукацыі Чыгуначнага раёну Віцебску - усё было марна: пэдагог Русанава стойка трымалася, не аддаючы “чужынцу” “ні пядзі зямлі”. У выніку “вораг” вымушаны быў адступіцца, абмежаваўшыся напісаньнем скаргаў на дзеяньні завуча ў пракуратуру і падатковую інспэкцыю.

І вось надоечы з падатковай прыйшоў адказ: “Інспэкцыя прыйшла да высновы, што зьвесткі, выкладзеныя ў Вашай заяве ў частцы непрад’яўленьня Вам кнігі заўвагаў і прапановаў намесьнікам дырэктара па вучэбнай працы ДУА «Гімназія № 4» Русанавай Н. M. на першае запатрабаваньне, адпавядаюць рэчаіснасьці. За ўчыненьне гэтага дзеяньня, адказнасьць за якое прадугледжаная артыкулам 9.24 КаАП Рэспублікі Беларусь, намесьнік дырэктара па вучэбнай працы ДУА «Гімназія № 4» Русанава Н. M. будзе прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасьці”.

Пакараньне, якое панясе настаўніца, нядаўняя намесьніца старшыні ўчастковай камісіі, ня надта вялікае. Але хочацца спадзявацца, яно працьвярэзіць іншых русанавых, якія, выконваючы загады згары, думаюць застацца беспакаранымі. Мабыць, яны крыху задумаюцца аб тым, ці будуць абараняць іх іхныя гаспадары, якім яны аддана служаць, калі патрэба ў іх адпадзе…

“Віцебская Вясна”