Прысутныя на сустрэчы кандыдаты падзяліліся досьведам, набытым падчас першага этапу выбарчай гонкі – збору подпісаў, выказалі свае прапановы па арганізацыі агітацыйнай кампаніі і паспрабавалі выпрацаваць нейкі агульны мэсадж, які будзе адрасаваны выбарцам.
Паколькі ўсе кандыдаты, што сабраліся ў залі, зьяўляюцца прадстаўнікамі гораду Віцебску і Віцебскай вобласьці, была выказаная прапанова весьці размову з выбарцамі ня толькі пра агульнанацыянальныя праблемы, але і зьвяртаць увагу на праблемы мясцовыя.
Тацяна Севярынец, кандыдат у дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18, прапанавала ў якасьці агульнай для ўсіх кандыдатаў абраць праблему мэдычнага абслугоўваньня, над якой ў межах кампаніі «За якасную мэдыцыну для ўсіх» яна са сваімі паплечнікамі шчыльна працуе ў віцебскім мікрараёне Білева. Спадарыня Тацяна прапанавала сваім калегам улучыць гэтую гарачую праблему ў свае праграмы, выступы і выносіць на абмеркаваньне з насельніцтвам.
Занурыцца ў тэму мэдычнага абслугоўваньня і аховы здароўя дапамагла Марына Клімава, лекар-дыягност, якая пазнаёміла прысутных з базавым дакумэнтам «Ахова здароўя Беларусі ў чаканьні пазытыўных пераменаў», распрацаваным Андрэем Вітушкам. Дакумэнт зьмяшчае прапановы па рэфармаваньні беларускай мэдыцыны у доўгатэрміновай пэрспэктыве, а таксама вылучае задачы, якія трэба вырашаць найперш. Андрэй Вітушка ў сваёй працы доказна і грунтоўна абвяргае тэзу бюракратыі ад мэдыцыны, якая сьцьвярджае, што на рэфармаваньне сфэры аховы здароўя бракуе грошай.
Тацяна Севярынец, падводзячы рысу пад абмеркаваньнем тэмы неабходных пераменаў у краіне, зазначыла: «Калі Беларусь будзе без рэформаў, без пераменаў, то невядома, да якога стану можа краіна дакаціцца наогул».
Пасьля абмеркаваньняў было вырашана зьвярнуцца са скаргай у адміністрацыі Першамайскага, Кастрычніцкага і Чыгуначнага раёнаў гораду Віцебску, якія сваімі рашэньнямі ўжо вызначылі месцы для правядзеньня масавых мерапрыемстваў па агітацыі і пікетаваньні. Бо ў вызначаных месцах амаль адсутнічаюць выбарцы, і праводзіць мерапрыемствы там становіцца бессэнсоўным. Прысутныя выказалі намер прапанаваць гарадзкім адміністрацыям замест вызначэньня месцаў, дзе можна праводзіць сустрэчы з выбарцамі, акрэсьліць кола месцаў, дзе такія сустрэчы забароненыя. Такі падыход будзе куды больш дэмакратычным і будзе адпавядаць як інтарэсам кандыдатаў у дэпутаты, гэтак і інтарэсам выбарцаў.
https://vitebsk.dns.army/news/vybary/item/1902-u-vitsebsku-demakratychnyya-kandydaty-u-deputaty-vypratsouvali-agulnuyu-strategiyu-agitatsyjnaj-kampanii#sigProIdd7090206d0
С. Горкі