Сярод удзельнікаў сустрэч з Тацьцянай Караткевіч было шмат тых, хто раней ніколі ня быў заангажаваны ў палітычны працэс. Ужо па заканчэньні прэзыдэнцкіх выбараў яны зьвярнуліся ў кампанію «Гавары праўду» і заявілі пра сваё жаданьне супрацоўнічаць з Тацьцянай Караткевіч падчас парлямэнцкіх выбараў, што мусяць адбыцца налета.
Менавіта тэме парлямэнцкіх выбараў былы кандыдат у прэзыдэнты надала ў сваіх выступах асаблівую ўвагу. І большая частка пытаньняў, зададзеных ёй актывістамі падчас сустрэч, таксама тычылася гэтай тэмы.
Паводле словаў Тацьцяны Караткевіч, парлямэнцкая кампанія мусіць стаць працягам кампаніі прэзыдэнцкай. Бо падчас выбараў прэзыдэнта шмат людзей выказаліся за мірныя перамены – такіх людзей значна больш, чым тыя чатыры адсоткі выбарцаў, якія прагаласавалі за яе згодна з афіцыйнымі дадзенымі. Таму змаганьне за тое, каб ідэя мірных пераменаў пачала нарэшце ўвасабляцца ў жыцьцё, стане лейтматывам маючай адбыцца парлямэнцкай выбарчай кампаніі.
Тацьцяна Караткевіч заклікала сваіх прыхільнікаў увайсьці ў сьпіс «ТаК! За мірныя перамены». Зрабіць гэта можна ня толькі стаўшы кандыдатам у дэпутаты, але і далучыўшыся да чальцоў каманд кандыдатаў, зьбіраючы подпісы, удзельнічаючы ў назіраньні або працуючы ў сацыяльных сетках.
Экс-кандыдат у прэзыдэнты знайшла час ня толькі на гутаркі з актывістамі, якія адмыслова запрашаліся на сустрэчы зь ёю, але паразмаўляла і са звычайнымі жыхарамі гарадоў Віцебшчыны, якія яна аб'ехала. Так, у Бешанковічах яна наведала рынак, дзе гандляры і пакупнікі распавялі ёй пра цяжкасьці, зь якімі яны сутыкаюцца, а таксама сустрэлася з пэрсаналам і пацыентамі раённага шпіталя. У Віцебску Тацьцяна Караткевіч завітала ў мастацкую галерэю «Сьцяна», з супрацоўнікамі якога абмеркавала праблемы культуры.
Месьцічы, для якіх сустрэчы з Тацьцянай Караткевіч сталі неспадзянкай, былі вельмі ўзрушаныя. Вакол нядаўняга прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта хутка збіраліся людзі, якія дзяліліся зь ёй сваім набалелым. Многія казалі спадарыні Тацьцяне, што на прэзыдэнцкіх выбарах галасавалі менавіта за яе, і прасілі працягваць працу.
Кастусь Дзьвінскі, Віцебская вясна