Панядзелак, 12 Люты 2018

Выбары ў Віцебску: нудная агітацыя і загадзя вядомы вынік

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У аўторак 13 лютага пачынаецца апошні этап выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў Віцебскага гарадзкога Савету дэпутатаў дваццаць восьмага скліканьня. Ужо зусім хутка мы даведаемся, хто цягам наступных чатырох гадоў будзе кіраваць гарадзкімі справамі.

Ляпёшкіна: бюлетэні – пад пільнай аховай

Старшыня Віцебскай выбарчай камісіі Натальля Ляпёшкіна паведаміла, што ўсё гатова для волевыяўленьня жыхароў гораду.

Выбарчыя ўчасткі матэрыяльна забясьпечаныя ўсім неабходным для арганізацыі працэсу галасаваньня.  Выбарчыя камісіі знаходзяцца ў рабочым стане. Бюлетэні ў неабходнай колькасьці завезеныя на выбарчыя ўчасткі і знаходзяцца пад пільнай аховай супрацоўнікаў міліцыі.

Заяц зьняўся, Кузьмін зьвярнуўся ў пракуратуру

Стала таксама вядома, што кандыдат у дэпутаты па Моладзевай выбарчай акрузе №29 Дзяніс Заяц, які быў зарэгістраваны ад Камуністычнай партыі Беларусі, адмовіўся ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Як патлумачыў сам Дзяніс Заяц, ён зьняў сваю кандыдатуру з прычыны пераезду на сталае месца жыхарства ў іншую вобласьць Беларусі па сямейных абставінах.

Наогул, скаргаў ад кандыдатаў на дзеяньні гарадзкой выбарчай камісіі амаль не было. Але выключэньнем стаў скандал, які разгарэўся вакол кандыдата ў дэпутаты ад партыі левых “Справядлівы сьвет” па Смаленскай выбарчай акрузе №7 Вадзіма Кузьміна.

З падачы выбарчых камісій у гарадзкой газэце “Віцьбічы” былі распаўсюджаныя непраўдзівыя зьвесткі аб наяўнасьці ў кандыдата судзімасьці. Каб выправіць прыкрую памылку, Вадзім Кузьмін зьвярнуўся ў гарадзкую пракуратуру. Прымаючы скаргу, супрацоўнікі пракуратуры згадзіліся з заяўнікам, што інфармацыя ў газэце пададзеная як мінімум некарэктна. Паабяцалі апэратыўна разабрацца.

Адзначым, што падобны інцыдэнт з апублікаваньнем у дзяржаўных СМІ непраўдзівых зьвестак зь біяграфіі Вадзіма Кузьміна здарыўся і на мінулых выбарах у гарсавет чатыры гады таму.

Ці спраўдзіцца прагноз?..

Трэба адзначыць, што выбарчая кампанія ў Віцебску праходзіла ціха і незаўважна. У пэрыяд агітацыі кандыдаты і іх давераныя асобы, за рэдкім выключэньнем, не праводзілі вулічныя масавыя мерапрыемствы, аддаючы перавагу нудным і неэфэктыўным сустрэчам з выбарцамі ў арганізацыях і прадпрыемствах.

Заўважым, што найчасьцей сустрэчамі ў працоўных калектывах “грашылі” 40 кандыдатаў у гарадзкі Савет дэпутатаў, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў і ад працоўных калектываў.

Можна спрагназаваць, што акурат гэтыя сорак прэтэндэнтаў на мандаты “народных прадстаўнікоў” і стануць дэпутатамі Віцебскага гарсавету 28-га скліканьня. Наколкі гэтая здагадка апынецца палітычнай рэальнасьцю, даведаемся ўжо хутка – ранкам 19 лютага, калі Віцебская гарадзкая выбарчая камісія падлічыць галасы і абвесьціць вынікі галасаваньня.  

Леанід Сьвецік, назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”