Мерапрыемства пачалося зь невялікіх выступаў Алеся Сілкова і Вольгі Кавальковай, кіраўнікоў кампаніі «Права выбару», у якіх яны ў агульных рысах апісалі адметнасьці завершанага электаральнага працэсу, распавялі пра найбольш распаўсюджаныя парушэньні і адрозьненьні ад ранейшых выбарчых кампаніяў.
Паводле выступоўцаў, галоўным адрозьненьнем, на якое зьвярнулі ўвагу многія назіральнікі, стала вельмі завышаная яўка выбаршчыкаў. Напрыклад, у Чавускім раёне паводле афіцыйных дадзеных прагаласавала 97%, што практычна немагчыма, бо значная частка мясцовых жыхароў, якія маюць права голасу, знаходзяцца на заробках у суседніх краінах. Таксама на гэтых выбарах атрымалі масавы распаўсюд так званыя «Карусэлі», якія на ранейшых выбарах былі ня так прыкметныя. На многіх участках назіралася вялікая колькасьць тых, хто прагаласаваў на даму. Так, на ўчастку № 14 Задняпроўскай акругі ў горадзе Воршы ў датэрміновым галасаваньні ўзялі ўдзел 153 выбаршчыкі, а на даму – 271. Акрамя гэтага, ужо традыцыйна ва ўчастковыя камісіі не пускалі прадстаўнікоў апазыцыі. З 119-ці вылучаных актывістаў уключаныя былі толькі некалькі чалавек – у Віцебскай вобласьці толькі ў Верхнядзьвінску і Мёрах.
Пасьля падвядзеньня кароткіх вынікаў выбарчай кампаніі сваім меркаваньнем пра ўдзел падзяліліся кандыдаты і назіральнікі. Ірына Захарава, што вылучалася кандыдатам у Віцебску, распавяла пра чатыры скаргі, дасланыя ёю старшыні ЦВК Ярмошынай, пра розныя парушэньні, якія, на яе думку, мелі месца. Кандыдаты зьвярнулі ўвагу на недастатковае асьвятленьне выбарчай кампаніі, а таксама на тое, што многім незалежным кандыдатам скарачалі біяграфічныя зьвесткі.
Калі коратка рэзюмаваць кампанію, што адбылася, то, паводле словаў Сілкова, яна была найбольш бруднай з усіх праведзеных цяперашнім рэжымам. Калі раней сябры выбарчых камісіяў укідвалі бюлетэні, то цяпер яны гэтага ня робяць, а проста пішуць у пратаколы патрэбныя лічбы, – заявіў ён. Але тым ня менш сам працэс назіраньня, на яго думку, прайшоў на добрым узроўні.
https://vitebsk.dns.army/news/vybary/item/2739-gramadzkasts-vitsebshchyny-padsumavala-vyniki-vybarau#sigProId1d64adc2b5
Уладзімер Бяляўскі