Серада, 30 Верасень 2015

Віцебскія апазыцыянэры байкатуюць назіраньне на ўчастках для галасаваньня

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На канец верасьня за адзін тыдзень да дня пачатку галасаваньня толькі чатыры палітычныя структуры зарэгістравалі сваіх сяброў назіральнікамі на ўчастках для галасаваньня.

Паводле зьвестак, апублікаваных на сайце Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту, у цяперашні час зарэгістраваны 441 партыйны назіральнік.

Найбольш масавае назіраньне рыхтуюцца правесьці прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі, зь ліку якіх у цяперашні час зарэгістраваліся 317 назіральнікаў, што складае больш за 70% ад агульнай колькасьці зарэгістраваных назіральнікаў. Другімі, з колькасьцю 63 назіральнікаў, або 14%, ідзе Беларуская аграрная партыя. Трэці вынік у Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці – 55 назіральнікаў, або 12,5%.

Што тычыцца апазыцыйных партыяў, толькі адна зь іх – партыя БНФ зарэгістравала на ўчастках для галасаваньня 6 (!) назіральнікаў, то бок 1,3% ад агульнай колькасьці зарэгістраваных кантралёраў за галасаваньнем у Віцебскай вобласьці. Астатнія палітычныя структуры, якія апануюць дзейнаму рэжыму, наогул ня выставілі сваіх назіральнікаў. Гэтую акалічнасьць можна растлумачыць толькі тым, што апазыцыйныя партыі ўзялі курс на ігнараваньне бягучай выбарчай кампаніі.

Аднак не паддаецца ніякай лёгіцы пазыцыя кіраўнікоў Віцебскай абласной арганізацыі Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі, чый лідэр Сяргей Гайдукевіч у чарговы раз актыўна спрабуе стаць прэзыдэнтам краіны. У Віцебскай вобласьці беларускія «жырыноўцы» пакуль не акрэдытавалі сваіх назіральнікаў ані ў тэрытарыяльных, ані ва ўчастковых выбарчых камісіях.

Віцебская вясна