Аўторак, 25 Жнівень 2015

Выбарчыя камісіі зоймуцца праверкай подпісаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Як і ўсюды па краіне, у Віцебску завяршыўся этап збору ініцыятыўнымі групамі подпісаў выбаршчыкаў па рэгістрацыі прэтэндэнтаў кандыдатамі ў прэзыдэнты краіны. Такім чынам, выбарчая кампанія выйшла на новы ўзровень, і можна ацаніць якасьць працы каманд меркаваных кандыдатаў на найвышэйшую дзяржаўную пасаду краіны.

Вынікі гэтай працы, згодна зь дзейным выбарчым законам, мусяць падвесьці тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. І яны 24 жніўня распачалі працу.

Не выключэньнем стала Тэрытарыяльная выбарчая камісія Кастрычніцкага раёну Віцебску, якая на сваім паседжаньні разгледзела пытаньне аб пачатку праверкі подпісаў выбаршчыкаў, унесеных у падпісныя лісты сябрамі ініцыятыўных груп.

Паседжаньне камісіі пачалося аб 11-й гадзіне і працягвалася крыху больш за гадзіну. На ім прысутнічалі 10 з 13 чальцоў выбарчай камісіі. За ходам паседжаньня назіралі сем назіральнікаў, якія прадстаўлялі Савет вэтэранаў, прафсаюзы, ГА «Белую Русь», БРСМ, праваабарончую арганізацыю «Беларускі Хэльсынскі Камітэт», і адзін назіральнік быў вылучаны грамадзянамі праз збор подпісаў.

На паседжаньні камісіі была агучаная інфармацыя пра тое, што ў ТВК паступілі падпісныя лісты з подпісамі за чатырох прэтэндэнтаў. Старшыня выбарчай камісіі Канявалаў паведаміў прысутным, што ў межах Кастрычніцкага раёну за вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі было сабрана 21496 подпісаў, за Сяргея Гайдукевіча і Мікалая Ўлаховіча адпаведна 4826 і 2112 подпісаў, а за Тацьцяну Караткевіч ўсяго толькі 682 подпісы. Неабходна адзначыць, што за вылучэньне апошняга прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта сябры выбарчай камісіі выявілі 23 подпісы выбаршчыкаў, якія не пражываюць на тэрыторыі Кастрычніцкага раёну – гэтыя подпісы ня будуць улічвацца падчас праверкі сапраўднасьці подпісаў.

Кіруючыся выбарчым кодэксам, сябры камісіі на паседжаньні адабралі для правядзеньня праверкі на сапраўднасьць 20% ад здадзеных подпісаў. Будзе праверана 4300 подпісаў, сабраных за Лукашэнку, за Гайдукевіча – 966, за Ўлаховіча – 423, і за Караткевіч – 132 подпісы. Усе падпісныя лісты з подпісамі, якія будуць правярацца, былі разьмеркаваныя сярод чальцоў выбарчай камісіі.

Адкрытым галасаваньнем чальцы ТВК вырашылі, што праверка сапраўднасьці подпісаў і дадзеных выбаршчыкаў будзе праводзіцца на працягу аднаго тыдня, пасьля чаго, 31 жніўня, на чарговым паседжаньні камісіі ў прысутнасьці назіральнікаў будуць агучаныя вынікі праверкі.

Віцебская вясна