Сяргей Уладзіміравіч, паведаміце, калі ласка, нашым чытачам, якую колькасьць подпісаў удалося сабраць сябрам вашай ініцыятыўнай групы на цяперашні момант.
Кампанія па зборы подпісаў у самым разгары. Наша абласная ініцыятыўная група даволі вялікая – 650 чалавек. На сёньняшні дзень па Віцебскай вобласьці сабралі больш за 14 тысяч подпісаў. Мяркуем урэшце здаць, як і плянавалі, каля 30 тысяч подпісаў.
На сёньняшні дзень ёсьць у нас і чатыры чалавекі, якія ўжо ушчыльную падышлі да мяжы ў тысячу подпісаў. Асноўная ж маса зьбірае ад пяцідзесяці да трохсот.
Скажыце, а як выглядае ў гэтай кампаніі Віцебскі рэгіён у параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі краіны?
Вядома, у лідэрах Менск, але ж на тле іншых рэгіёнаў мы выглядаем няблага. Ёсьць рэгіёны, дзе сабралі больш, ёсьць, дзе – менш: Берасьце, Гародня. У нас жа цяжкавата ідзе збор подпісаў у раёнах: Дуброўне, Сянно, Талачыне, Бешанковічах, Шуміліне. Мала. Мала. Нешта, безумоўна, мы там зьбяром, але... У Полацку, Наваполацку таксама ідзе цяжкавата.
І ў чым Вы бачыце прычыны гэткага становішча?
Прычына у тым, што народ стаміўся. Многія папросту ня хочуць падпісвацца зусім, незалежна ад пэрсоны, іншыя падтрымліваюць існага прэзыдэнта.
У такім выпадку назавіце тыя месцы, дзе справа са зборам подпісаў ідзе лепей.
Віцебск, само сабой, у лідэрах. Таксама ў Воршы прыстойна зьбіраюць. Ворша і Аршанскі раён вельмі добра дадаюць да агульнай колькасьці. Я сам наведваў гэты рэгіён, вывучаў прычыны гэткіх посьпехаў. Рэч у тым, што яны шмат працуюць з працоўнымі калектывамі. Пасьля працы і ў перапынак на абед з дазволу кіраўніцтва нашы валянтэры прыходзяць да працоўных і тыя без праблемаў па ўласным жаданьні бяруць пашпарты і ставяць подпісы. Я вам скажу: выканаўчая улада ніякіх перашкод нам ня чыніць.
А ці маглі б Вы вызначыць, хто зьяўляецца асноўным падпісантам за вашага вылучэнца падчас пакватэрнага абыходу?
Пры пакватэрным зборы подпісаў асноўнымі падпісантамі зьяўляюцца людзі сталага веку – у бальшыні выпадкаў яны падпісваюць. Многія зь іх ужо ведаюць Сяргея Гайдукевіча, многім тлумачым, хто такі, чаму за яго варта падпісацца і навошта патрэбная альтэрнатыва на выбарах. Моладзь падпісваецца радзей, а калі і падпісваецца, падпісваецца ў асноўным неўсьвядомлена.
Падзяліцеся, чаму вы не выкарыстоўваеце гэткую форму збору подпісаў, як пікет?
Ад пікетаў па Віцебску і вобласьці мы адмовіліся. Бо гэта не эфэктыўна. У першыя дні я асабіста паназіраў за арганізаванымі ў горадзе пікетамі. На адным месцы пастаяў гадзіны тры, на другім – гадзіны дзьве, і зразумеў, што гэта некарысна. І я ня веру, калі прадстаўнікі іншых ініцыятыўных групаў кажуць, што за дзень ім удаецца сабраць трыццаць-шэсьцьдзесят подпісаў. Вось вам канкрэтны прыклад: сябра нашай партыі, які працуе на Чарняхоўцы ў банку, на свае вочы бачыў, што зборшчык подпісаў за аднаго з кандыдатаў за дзень сабраў толькі чатыры подпісы. Дарэчы, я ведаю, што за некаторых з кандыдатаў прыяжджаюць нават валянтэры зь Менску, бо на месцы няма каму зьбіраць. У нас такой практыкі няма.
Наколькі асоба Сяргея Гайдукевіча зьяўляецца пазнавальнай для электарату?
Прыяжджала да нас карэспандэнт з «Советской Белоруссии». Кажа: хачу прайсьціся разам з вашым валянтэрам. Мабыць, яна таксама задавалася гэткім самым пытаньнем. Зайшлі мы ў кватэру, адкрыла нам жанчына сталага веку, пэнсіянэрка. Кажа: «Заходзьце, калі ласка. Гарбаты нам прапанавала. Так, я ведаю, хто такі Гайдукевіч, гляджу тэлебачаньне. Давайце я вам падпішу. Ніякіх праблемаў».
Ці зьбіраецца Гайдукевіч, як іншыя кандыдаты, найбліжэйшым часам наведаць у Віцебску сваіх патэнцыйных прыхільнікаў?
Наведваць Віцебск ды іншыя буйныя гарады Беларусі Сяргей Гайдукевіч пакуль не зьбіраецца. На цяперашнім этапе гэта не мэтазгодна. Будзе рэгістрацыя, тады – абавязкова.
Як я бачу, Вы ніколькі не сумняваецеся, што Ваш кандыдат будзе зарэгістраваны.
Я думаю, праблемаў з рэгістрацыяй у нас ня будзе: на сёньняшні дзень па рэспубліцы сто тысяч подпісаў мы ўжо сабралі. Перабіраць лішку і дасягаць нейкай там загадзя пастаўленай плянкі няма ніякага сэнсу. Навошта? Ёсьць пэўная лічба, і гэтага дастаткова. Не, вядома, нейкі запас у 10-20 тысяч подпісаў мы зробім на ўсялякі выпадак. І ўсё. Дый сабраць сто тысяч подпісаў – гэта ня так і проста. Сьцьвярджаць адваротнае можа толькі той, хто ніколі іх не зьбіраў. Сто тысяч – гэта ня так і мала. Каб іх сабраць, абысьці трэба ня сто тысяч чалавек, а ў разы больш. Апроч таго, зь людзьмі трэба паразмаўляць. Гэта цэлая эпапэя. Таму будзем чакаць рэгістрацыі, пасьля якой і пачнецца асноўны этап працы.
С. Горкі, Віцебская вясна